Расейцы ўцякаюць з Сібіры

2 красавіка 2016 г.

Навіны

За апошнія пятнаццаць гадоў колькасьць жыхароў расейскай Сібіры зменшылася на больш за 1,5 мільёна. Прычыны дзьве – мінімальная нараджальнасьць і імкненьне патрапіць з суровага краю кудысьці, дзе жывецца лепш. Нават у Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку.

Сібір пакідаюць расейцы, продкі якіх збольшага недабраахвотна патрапілі туды на загад савецкай улады і камуністычнай партыі. Паводле несуцяшальных прагнозаў расейскай Фэдэральнай статыстычнай службы, у 2031 годзе ў Сібірскай фэдэральнай акрузе застанецца толькі 17 мільёнаў чалавек. Сёньня іх 19 мільёнаў 256 тысяч асобаў. Горш ня стане толькі тады, калі ўдасца рэалізаваць прынамсі некаторыя з уладных праектаў па павышэньню прывабнасьці расейскага ўсходу.

Але як інвэставаць у Сібір было праблемай нават тады, калі кошты на нафту перавышалі 100 даляраў за барэль, а цяпер, калі Расея правальваецца ў крызіс, ніхто ўжо й ня думае пра засяленьне абшараў, грошай няма таксама. Сітуацыю ня вырашыць і раздача зямельных участкаў цалкам дарма там, куды нікому ня хочацца ехаць. Прапанова прагучала роўна год таму, але ніякое засяленьне дзікага ўсходу ў масавых маштабах дагэтуль не адбываецца.

Два з паловаю чалавекі на кілёмэтр

Ужо цяпер вялізная прастора ад Уралу на ўсход знаходзіцца сярод найменш заселеных вобласьцяў сьвету. А людзі ідуць і ідуць адтуль у пошуках лепшай долі. Некаторыя нават перасяляюцца ў краіну, якая нагадвае хутчэй не дзяржаву, а канцэнтрацыйны лягер.

Кіраўніцтва расейскай Амурскай вобласьці выдала падрабязны статыстычны агляд перасяленьня людзей, і ён не нясе аптымізму для гэтай часткі Сібіры. Вобласьць раскінулася на 362 тысячы кв. км, а жывуць тут 805 770 тысячаў людзей. Тобок 2,23 чалавекі на кв. км. Значэньне Амурскай вобласьці галоўным чынам заключаецца ў доўгай мяжы з Кітаем.

Калі да нядаўняга было тыповым, што праз мяжу пераходзілі перш за ўсё кітайцы ў Сібір, дзе яны закладалі дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы і сельскагаспадарчыя каапэратывы і гандлявалі па ўсяе ўсходняй Расеі, то апошнім часам людзі ідуць у адваротным накірунку. Больш за ўсё жыхароў Амурскай вобласьці адыходзіць па логіцы ў блізкі Кітай, а нядаўна самым папулярным накірункам стала Паўночная Карэя.

Кітайцы завалодалі рынкам

Летась змяншэньне колькасьці жыхароў Амурскай вобласьці выразна прысьпешылася. Калі ў 2014 годзе колькасьць жыхароў знізілася толькі на 1400, то летась ужо на 4100. Адзінымі, хто прыбывае ў Сібір, зьяўляюцца ўцекачы з усходняй Украіны, потым армяне, узбэкі, таджыкі і кыргызы. Паводле ўладнай агенцыі Амурстат, іх не стае, каб замяніць тых, хто пакінуў Амурскую вобласьць.

Па ўсяе Сібіры ўбываньне насельніцтва катастрафічнае. Расейскія статыстыкі асабліва занепакоеныя фактам, што ўсё больш тых, якія не шукаюць лепшых умоваў жыцьця ў блізкіх частках Расеі, але імкнуцца замяжу. І ў краіны, якія ў сьвеце зусім ня маюць аўтарытэта як асяродкі захаваньня правоў чалавека, свабоды і дабрабыту. Але там – як мяркуюць расейскія эмігранты, прынамсі крыху лепш, чым у Расеі.

За 2015 год у Кітай сышлі амаль дзьве тысячы жыхароў Амурскай вобласьці. У Паўночную Карэю 481 чалавек. Значна менш мясцовых выбраліся ў ЗША або Аўстралію.

У адваротным накірунку адбываецца значна больш інтэнсіўны рух людзей. Ня толькі з Кітаю, але і з Паўночнай Карэі ў Расею штогод прыбывае значная колькасьць людзей – летась у Расею прыбылі больш за 20 тысячаў паўночнакарэйцаў. Бальшыня зь іх цалкам легальна атрымлівае дазвол на працу і ўладкоўваецца на будоўлях і ў лясных гаспадарках, на тартаках. Аднак, часьцей за ўсё, гаспадараць там кітайцы.

Пэтра Прахазкава Пераклаў з славацкай В. Буйвал. Крыніца: славацкая газэта “Hospodarske Noviny”, 5.03.2016 http://hnonline.sk/svet/593333-rusi-utekaju-zo-sibiri-ich-cie-om-je-aj-severna-korea-ob-ubenejsia-je-iba-cina