Саша Сотнік: Прадчуваньне катастрофы

2 красавіка 2016 г.

Навіны

Пасьля маніякальнай “крымнашысцкай” эйфарыі Расея, як і трэба было чакаць, імкліва занурваецца ў глыбачэйшую грамадзкую дэпрэсію. На апошнім “пуцінгу”, што праходзіў на Васільеўскім спуску 18 сакавіка, ужо не адчувалася леташняга жвавага імпэту, а сагнаныя бюджэтнікі хутка зматваліся, адзначыўшыся ў казённых рапартычках. Заставаліся толькі самыя “упоратыя”, да якіх далучылася наёмная тусоўка, што адпрацоўвала сваёй прысутнасьцю няшчасныя пяццот рублёў. Магія “узятага Крыму” і “рускага Севастопаля” растае, як леташні сьнег. Ёй на зьмену ідзе маркотнае асэнсаваньне стратэгічнага промаху Крамля, што пагражае сістэмным абвалам усяго і ўся – па агульнай плошчы краіны.

Для таго, каб публіка не паглыблялася ў аналітычны разбор палётаў, ёй запрапанаваны новы дыскурс: “Выбары-2016”. Гэтую тупіковую галіну разьвіцьця пуцінізма ўжо шчыльна абселі палітыкі ўсіх масьцяў: ад “несістэмнай апазыцыі” да дзярждумскіх парнакапытных, якія ўжо доўга назаляюць перад вачыма. Пагуляцца ў фашыстоўскай пясочніцы настойліва прапануецца з усіх каналаў тв і радыёстанцый; газэты стракацяць гучнымі загалоўкамі, а сацсеткі бурляць шалёнымі жарсьцямі: “трэба аб’ядноўвацца альбо размяжоўвацца?”, “настаў час для агітацыі ўголас альбо прынцыповага байкоту?”. Дадзены эрзац грамадзкага жыцьця пакліканы служыць адцягненьню ад суровых рэалій, што наступаюць на абывацеля з усіх зьнешніх і ўнутраных франтоў. Галоўная памылка ўчорашняй “несыстэмнай апазыцыі” ляжыць у плоскасьці “удзелу” (а дакладней – саўдзелу) ў гэтай д’ябальскай гульні, у той час як татальнае ігнараваньне дадзенага злачыннага дзеяньня, безумоўна, дадало б ёй вагі і грамадзкай павагі. У здаровай клеткі, зьмешчанай у ракавы анклаў, два шляхі: або загінуць, або муціраваць. Нашыя “несыстэмшчыкі” гінуць выразна не зьбіраюцца, дык на паверку выходзіць, што мутацыя каля кармушкі – і ёсьць іхняя пажаданая мэта. На гэтым фоне асабліва паказальнай выглядая запозьненая рэакцыя Старшыні партыі “Парнас” М. Касьянава на прысуд пуцінскай закладніцы Н. Саўчанкі.

Дарэчы, грамадзкія настроі па “справе Саўчанкі” далёка не адназначныя, як бы ні гістэрыла “салаўіная рошча” на расейскіх тэлеканалах. Ды й па пытаньню “аджатага” Крыма сярэднестатыстычны расеец паступова прыходзіць у розум, усё часьцей задаючыся пытаньнем: “Навошта мы бралі гэтую паўвыспу, калі ня ў стане яе ўтрымаць?”. Сірыйская ж гісторыя і зусім збіла з панталыку: “Як так: увайшлі і праз пяць месяцаў – сышлі? ІДзІЛ не перамаглі, у Эўропе – тэракты. Навошта, пытаем, сыходзілі? Ляснулі 33 млрд рублёў, а маглі ж пабудаваць больніцы і школы і маламаёмасных падтрымаць…” І гэта яны яшчэ ня ведаюць пра загіблых цывільных сірыйцаў, але ўсяму свой час… Эканамічны складнік, безумоўна, цісьне на самаадчуваньне расейцаў. Іх прыгнятаюць думкі аб магчымым скарачэньні заробкаў або нават звальненьні з працы, насьцярожвае няўхільны рост цэнаў.

Аднак пры гэтым ёсьць нешта нябачнае, што лунае ў паветры, але да пары не нагадвае пра сябе. Гэта – нейкае прадчуваньне наступных маштабных патрасеньняў, ніяк не зьвязаных з курсам рубля або заўтрашнімі коштамі на нафту. Гэта – татальна зношаная, але так і не мадэрнізаваная савецкая інфраструктура, тэрмін службы якой падыходзіць да канца ўжо гадоў 10 таму. Гэта – вадаправоды, каналізацыі, старыя 70-х – 80-х гадоў камунікацыі, шматлікія ГЭС і АЭС, вадасховішчы і іншыя пабудовы, грошы на якія выдзяляліся, але былі самым драпежніцкім чынам зьведзеныя “налева”. Гэта – аб’екты, якія трымаюцца з апошніх сіл і за падфарбаванымі фасадамі якіх хаваюцца “тэхнагенныя бомбы запаволенага дзеяньня”.

І ёсьць апасеньне, што аднойчы ўся гэтая злодзейская сьвістапляска адгукнецца маштабным абвалам струхнелай савецкай інфраструктуры, што, безумоўна, ударыць у першую чаргу па звычайных жыхарах Расеі. Ужо ніяк – не па чыноўніках. Памятаючы аб трагедыі ў Крымску, можна з упэўненасьцю сказаць: начальства заранёў даведаецца аб пагрозе – і знойдзе спосаб забясьпечыць сябе і свае сем’і.

Не, гэта – не ІДзІЛ. Гэта – злодзеі хатняй вытворчасьці, што 25 гадоў расцягвалі краіну: цаглінку за цаглінкай. Аднойчы ўся гэтая канструцыя – якую зжэрлі тэрміты, як старое дрэва, знутры – паваліцца на галовы абывацеляў, якіх яшчэ ўчора нішто “ня тычыла”, бо “палітыка – гэта брудная рэч”.

Грамадзтва нагадвае п’яніцу, што ляніва варочаецца на верхняй паліцы ў цягніку, які ляціць пад адхон. І, мабыць, для канчатковага абуджэньня яму патрабуецца прыстойны ўдар – каб зьляцець з паліцы і, ударыўшыся аб падлогу, прысьці ў сябе і пачаць клапаціцца хаця б аб уласным паратунку.

Саша Сотнік Пераклад з расейскай. Крыніца: http://newsader.com/mention/sotnik-o-rossiyanakh-predchuvstvie-kata/