НІЛ ГІЛЕВІЧ (30.09.1931 — 29.03.2016)

1 красавіка 2016 г.

Навіны

Памяць Народнага Паэта

Я — беларус

Я — беларус, я нарадзiўся На гэтай казачнай зямлi, Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх Адвеку прашчуры жылi.

Я — беларус, я ганаруся, Што маю гэтае iмя: Аб добрай славе Беларусi У свеце знаюць нездарма!

Я — беларус, i я шчаслiвы, Што мацi мову мне дала, Што родных песень пералiвы I зблiзку чую, i здаля.

Я — беларус, i хоць сягоння Яшчэ малы, але скажу: Я родам з племя непакорных I прад бядой не задрыжу!..

х Паклон табе, мой беларускі краю! Ты – мой, я – твой: ад роду і навек. Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю Твой ліст дубовы – як чароўны лек.

За хлеб, што ем, за песьні, што сьпяваю, За шчасьце звацца іменем тваім – Паклон, паклон табе, мой родны краю! Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!

Край мой беларускі

Край мой беларускі, край! Дай мне прыгарнуцца, дай! Да твайго ляснога Вераснога долу, Дзе так шчасця многа Выпала на долю, — Дай жа прыгарнуцца, дай! Край мой беларускі, край! Дай ты мне напіцца, дай! Той вады гаючай З той крыніцы вечнай, Дзе ад ран балючых Ты арлоў вылечваў, — Дай жа мне напіцца, дай!

Край мой беларускі, край! Дай ты мне паслухаць, дай! Як на лад пявучы Старажытнай мовы Тут гамоняць пушчы, Там шумяць дубровы, — Дай жа мне паслухаць, дай!

Край мой беларускі, край! Дай ты мне прайсціся, дай! Па тваіх прасторах, Па шляхах бясконцых, Уначы — пры зорах, Раніцой — пры сонцы, — Дай жа мне прайсціся, дай!

Край мой беларускі, край! Дай мне наглядзецца, дай! На твае на пожні, На лугі ды рэчкі, Каб у час апошні Ўзяць з сабой навекі, — Дай жа наглядзецца, дай!

===

Родная мова

Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова! Ты калісьці з калыскі мяне падымала I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць. У жыцці маім слова найпершае «мама» I цяпер для мяне сама міла гучыць. Я па літарах родных вучыўся чытаць, I буквар для мяне быў жыцця палавінай. Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць Першы раз: «Беларусь, мая сонца-краіна!» I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй, Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала, I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала, А задумае вораг з далёкага краю Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю — He дазволю. He дам. He прадам. He змяняю. I да смерці за волю тваю пастаю!