Раней ці пазьней надыходзіць час расстаньня, расстаньня з гэтым сьветам. І калі адыходзіць чалавек, якога ведаў даўно, раптам усьведамляеш, што ацэньваеш яго ўжо ня так, як калі б ён яшчэ быў жывым. Усё дробнае, пераходнае, канфліктнае, нязгоднае адыходзіць на другі план, у цень, на маргінэс і застаецца толькі сутнасьць: а што ж значыў гэты чалавек у жыцьці, якое ўжо пражыта.
Ніл Сымонавіч Гілевіч значыў для беларусаў вельмі шмат як паэт-грамадзянін, які вершам, дзеяньнем, словам і справай заўсёды стаяў у абароне роднай мовы, культуры, гонару і велічы Беларусі. Тут ён заставаўся моцным і цьвёрдым заўсёды. Ён не саступаў са сваіх пазыцыяў, нават будучы прыхільнікам камуністычнай ідэалогіі, і за часы СССР (ня ў прыклад іншым) стаяў надзейна і голас ягоны быў чуваць.
Такое высока цэніцца людзьмі, асабліва ў цяжкім часе, у часы ганеньняў на лепшых і выпрабаваньняў для народа, калі мусяць, павінны быць асобы, што стаяць у абароне сьвятога — мовы і Беларусі.
Удзячная добрая памяць пра Ніла Сымонавіча Гілевіча застанецца назаўсёды ў Беларускім народзе і ў гісторыі вольнай Беларусі.
31 сакавіка 2016 г. Зянон Пазьняк