Імпэрскі вораг павінен ведаць, што мільёны беларусаў не дапусьцяць ягонага панаваньня на нашай зямлі.

14 сакавіка 2016 г.

Навіны

Сакавіцкі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

13 сакавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Супрацоўнікі з рэжымам”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту.

Дакладчык зрабіў агляд апошніх падзей у палітычным і эканамічным жыцьці нашай краіны. Адбылася ў пэўным сэнсе знакавая падзея – арышт вядомага мясцовага алігарха, адданага рэжыму сп. Чыжа. Падзея паказала, што ніхто (нягледзячы на “адданасьць”) не застрахаваны ад таго, што рэжым пазбавіць яго ўсяго. Людзі кажуць, што “пацукі бягуць з карабля”, алігарх выводзіў свае актывы за мяжу і пагарэў на гэтым. Паглядзім, што будзе заяўлена ў рэжымным судзілішчы. Беларусы па ўсёй краіне жывуць у чаканьні пагаршэньня агульнай і сваёй асабістай сытуацыі. Ужо даўно не спрацоўвае савецкая звычка многіх грамадзян жыць сёньняшнім днём і быць упэўненым, што любыя перамены не адабьюцца на ўласным дабрабыце. Паслухмянае падпарадкаваньне любым абсурдным патрабаваньням чужога рэжыму і імкненьне існаваць сваім бытавым жыцьцём ужо не даюць пажаданага эфэкту “стабільнасьці”. Вядома, што людзі актыўна абменіваюць свае валютныя зберажэньні, каб пражыць да канца месяца, заробкаў не хапае. Многія яшчэ не арыентуюцца ў маштабах катастрафічных падзей, спадзяюцца, што неяк яно само нармалізуецца і выправіцца.

У стварэньні гэтых ілюзій актыўна дапамагае рэжыму яго рэжымная “апазыцыя”, якая дэзарыентуе і блытае грамадзтва, выкарыстоўваючы сваю манаполію на так званыя “незалежныя СМІ”. Апошнім часам мы назіраем усплеск штучных спрэчак, “унутрыпартыйных” і “міжпартыйных” канфліктаў, чуем заклікі да “падрыхтоўкі да выбараў” і супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам. Псэўдаапазыцыйны цэнтар аб’ектыўна дзейнічае такім чынам, каб адвесьці грамадзтва ад галоўных праблем, даць яму фальшывыя арыенціры і ўрэшце ў чарговы раз падмануць і завесьці пад удар. Час пакажа, ці наша грамадзтва дазволіць падмануць сябе. Каб гэтага не адбылося, патрыёты павінны даводзіць праўду да мільёнаў беларусаў, аб’ядноўваць грамадзтва на аснове абароны сваёй культуры і мовы, дзяржавы і тэрыторыі, нацыянальнай маёмасьці, настройваць на супраціў маскоўскай агрэсіі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што апошнім часам зачыніліся чарговыя прадпрыемствы, адбываецца рэзкае скарачэньне працоўных месцаў там, дзе прадпрыемствы яшчэ існуюць. Чалавек прыходзіць раніцай на працу, а яму кажуць: “А чаго Вы прышлі? Вы з сёньняшняга дня звольнены”. Людзі агаломшаны рэжымным загадам аб “гультаях”, калі, губляючы працу, яны павінны яшчэ плаціць вялікія штрафы рэжыму за сваё беспрацоўе. У малых гарадах і сельскай мясцовасьці практычна немагчыма знайсьці новую працу. Людзі зноў зьбіваюцца ў брыгады і едуць на заробкі ў Расею. Макабрычнай тэндэнцыяй апошніх месяцаў стала тое, што расейскія бандыты-прадпрыймальнікі зусім і паўсюль перасталі плаціць беларусам за выкананую працу. Беларусы вяртаюцца ні з чым, радуючыся, што вярнуліся жывыя. На іх месца туды ж едуць іншыя, каб іх ашукалі. І так па кругу. Элемэнтарны сацыяльны вопыт, практычна, не засвойваецца

Сябры Сойму паведамілі, што ў розных месцах нашай краіны рэжым праводзіць дэманстрацыі сваёй міліцэйскай моцы, імкнучыся запалохаць і паралізаваць грамадзтва. У гарадах (без якіх-кольвечы прычын) часам пачынаюць актыўна езьдзіць арыштанскія аўтазакі і хадзіць групамі байцы ОМОНа. Людзі пытаюцца: можа іх столькі, што ім няма чым заняцца? Рэжым актывізуе мілітарысцкую прапаганду, спрабуючы настроіць беларусаў на абарону “братняй Расеі” ад праклятага НАТО і на канфлікт з Захадам. Патрыёты зрабілі апытаньне нашых вайскоўцаў і цывільных людзей па ўсёй Беларусі. Вынікі былі прадказальныя. Ні вайскоўцы, ні іхнія сем’і ня хочуць вайны – ні з кім і ні за каго. Яны называюць нашу армію “арміяй міру”. Многія трывожацца, што (у выніку гвалтоўнай русіфікацыі і кіраваньня расейскімі генэраламі-палкоўнікамі) беларуская армія ня будзе ваяваць супраць маскоўскіх захопнікаў у выпадку адкрытай інвазіі Расеі супраць Беларусі. Здушэньне рэжымам усяго беларускага – нацыянальнай самасьвядомасьці, беларускай культуры – прывяло да таго, што людзі масава згубілі матывацыю для дзеяньняў у выпадку вайны. Лукашызм ня стаў увасабленьнем радзімы, за гэта армія і народ ня будуць ахвяравацца. Беларусы ня хочуць ваяваць ні з палякамі або ўкраінцамі (разумеючы, што суседзі нам ня ворагі), ні з НАТО. Беларусы ня будуць ваяваць і паміраць за Маскву і ў абароне антынароднага рэжыму. Але ў выпадку захопу нашай краіны Масквой і зьдзяйсьненьня акупантамі зьверстваў і злачынстваў, тыповых для практыкі “русского мира”, беларусы набудуць матывацыю для дзеяньняў супраць захопнікаў. Вельмі важна пазьбегнуць гэтай трагедыі, не дапусьціць захопу радзімы маскоўскай ардой. Для гэтага павінна мацавацца нацыянальная салідарнасьць нашага грамадзтва. Імпэрскі вораг павінен ведаць, што мільёны беларусаў не дапусьцяць ягонага панаваньня на сваёй зямлі.

Сойм абмеркаваў і прыняў Заяву “Вызваліць Надзею Саўчанку!” (публікуецца).
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 13 сакавіка 2016 г.