“Пратэст” іпэшнікаў правалены. Яго, у прынцыпе, і не было. Насельніцтва аднатавала некалькі ўрачыстых пасяджэньняў у сталічных залях і нават месцамі пачула гуканьні “Мы голосовали за Лукашенко!” Прадпрыймальных, эканамічна актыўных людзей шкада, яны шмат што так і не зразумелі. Хаця іх папярэджвалі патрыёты і даўно, што “пасьля таго, як ворагі адбяруць родную мову, яны пачнуць адбіраць родную маёмасьць”. Да таго ж, ад самага пачатку сатанінскай лічбы 222 вакол прадпрыймальнікаў забегалі правакатары, папы-гапоны, гоп-пазыцыянэры розных масьцяў і калібраў. Яны яшчэ больш заблыталі іпэшнікаў і ўсё грамадзтва.
Спачатку яны былі нібыта разам – Шумчанка, Макаеў, Статкевіч, паэт-Някляеў, камсамолец-Лебедько і шэраг іншых. Некалькі разоў яны шумна папярэджвалі Urbi et Orbi, што ў сталіцы будуць шматлюдныя мітынгі і магутныя дэманстрацыі супраць “222”. Мы паглядзелі на іх… У прызначаны час на плошчы каля Палаца Рэспублікі не было ніводнага іпэшніка, затое кучкамі і ланцугамі разагравалася гоп-пазыцыйная шантрапа начале са згаданымі вышэй аўтарытэтамі. Яны насілі над сабой адзін-самотны нацыянальны сьцяг і актыўна пазіравалі перад журналісцкімі камэрамі, ставаралі карцінку. Потым, праўда, падцягваліся некалькі прадпрыймальнікаў, у кантрасьце адразу было бачна, што гэта людзі салідныя, якія грэбліва ставіліся да гопнікаў. Адбывалася некалькі мізансцэн з удзелам міліцыі, потым усе разыходзіліся – “да канчатковай перамогі”.
“Перамогі” як не было, так і ня будзе. Адной з прычын гэтага зьяўляецца кіраваньне патэнцыйным эканамічным пратэстам падсаднымі правакатарамі і прафэсійнымі папамі-гапонамі. Іхнім заданьнем зьяўляецца знаёмая ім справа, у якой яны дасягнулі вышыняў віртуознасьці: завядзеньне людзей у тупік і ліквідацыя як класа альбо паасобку. Што ў іх у чарговы раз і атрымалася, пры актыўным удзеле “дэмСМІ”.
Але ёсьць яшчэ яркі фінал. Як жа без фіналу такая спэцапэрацыя! Падсадныя шурыкі штучна замітусіліся і канчаткова зблыталі шыхты. Цяпер ніхто ўжо нічога не разумее: Шумчанка contra Лебедько, Статкевіч pro Шумчанка… крыкі, праклёны, за-грудкі. На фоне мёртвай лукашыстоўскай статычнасьці паглядзець-паслухаць цікава. Лубянскія гладыятары разыгрываюць чарговую драм-камэдыю. Іх чакае ўзнагарода лакальным Оскарам (гэта “пакручэ” Нобэля мадам Алекс) – наган Фэлікса Дзяржынскага з чыстага самаварнага золата. Ёсьць і суцяшальны прыз для ўдзельнікаў – кантрамаркі на харытатыўны канцэрт хора вэтэранаў славных органов. Усе задаволены.
Сяргей Камароўскі