Віктар Орбан: Абсурдная сытуацыя ў Эўропе

11 сакавіка 2016 г.

Навіны

Будапэшт. Пра неабходнасьць умацаваньня абарончых ліній супраць мігрантаў на вугорскіх межах казаў у нядзелю старшыня вугорскага ўраду Віктар Орбан у штогадовым выступе з ацэнкай сітуацыі ў краіне.

Паводле агентуры МТІ, ён сказаў, што паслаў на межы новыя вайсковыя часткі, даў загад на ўвядзеньне рэжыму гатоўнасьці ў Бачска-Малакуманскай і Чанградзкай акругах, а міністру ўнутраных справаў загадаў падрыхтавацца да будоўлі затарасаў на межах з Румыніяй.

“Калі будзе патрэба, мы будзем ахоўваць межы па ўсяе працягласьці ад Славеніі па Украіну”, заявіў прэм’ер-міністар у сваёй ужо 18-й прамове перад запрошанымі гасьцямі.

“Вугоршчына – сувэрэнная краіна, куды можна прыбыць толькі ў выпадку, калі будуць выкананыя законы і тыя, хто прыбыў, падпарадкуюцца тым, хто вядзе праверку”, дадаў Орбан.

Паволе ягоных словаў, будучыне Эўропы пагражаюць у першую чаргу ня тыя, хто хоча прыбыць на яе тэрыторыю, а палітычныя, гаспадарчыя і духоўныя лідэры, якія хочуць ператварыць твар Эўропу насуперак волі эўрапейцаў.

“Тое, што адбываецца ў Эўропе, — абсурд”, канстатаваў прэм’ер-міністар і параўнаў сітуацыю з караблём перад сутыкненьнем, капітан якога замест спробы пазьбегнуць бяды, займаецца разьмеркаваньнем выратавальных чаўноў для тых, хто ня паліць.

Ня позна яшчэ, каб Брусэль зразумеў

Орбан падкрэсьліў, што яшчэ ня позна, каб і ў Брусэлі зразумелі, што трэба зірнуць праўдзе ў вочы, а не імкнуцца за “зданямі і фатамарганамі”.

Праўда, паводле ягоных словаў, у тым, што ў многіх эўрапейскіх краінах ужо даўно будуюцца паралельныя супольнасьці, якія душаць “наш сьвет”.

“Тым, хто прыбывае, на розум ня прыйдзе прыстасоўвацца да нашага спосабу жыцьця, бо яны лічаць свой спосаб за больш жыцьцяздольны”, дадаў ён.

Міграцыя, паводле Орбана, пагражае ня толькі дасягнутым вынікам, але і магчымай шматабяцальнай будучыні. Пра замежную палітыку свайго ўраду ён сказаў, што яе мэтай ёсьць мір, супрацоўніцтва, гандаль і ўзаемнае інвэставаньне, прычым арыентырамі для Будапэшта ёсьць Берлін, Масква і Анкара.

“Мы ня можам дазволіць уцягнуць сябе ў якія-кольвечы міжнародныя акцыі, якія скіраваны супраць Нямеччыны, Расеі або Турцыі”, заявіў ён.

Сучаснасьць Вугоршчыны старшыня вугорскага ўраду ахарактарызаваў як нацыянальна-хрысьціянскі пэрыяд будаваньня грамадзянскай супольнасьці. Незадаволеным пэдагогам і работнікам аховы здароўя ён адказаў, што рост іхніх заробкаў залежыць ад эфэктыўнасьці эканомікі.

TASR Пераклаў з славацкай В. Буйвал. Крыніца: Славацкая газэта “SME”, 28.02.2016 http://svet.sme.sk/c/20104674/orban-nariadil-pripravu-zabran-na-hraniciach-s-rumunskom.html