Лепш дзейнічаць самастойна, чым стаяць разам і нічога не рабіць, заявіў сёньня ў сувязі з нелегальнай іміграцыяй ў інтэрв’ю для грамадзкага радыё Kossuth Rádió старшыня вугорскага ўраду Віктар Орбан. Так ён адрэагаваў на нядаўнія крытычныя словы нямецкай канцлеркі Ангелы Мэркэль.
Прэм’ер зазначыў, што Вугоршчына была першай “народнай краінай”, якая дзейнічала самастойна, таму зараз яна зьяўляецца самай бяспечнай краінай Эўразьвязу, прычым ЭЗ і надалей нічога ня робіць.
Орбан выказаў думку, што сітуацыя з міграцыяй і няздольнасьць Брусэля пагражаюць будучыні і разьвіцьцю. Ён падкрэсьліў, што ўсе выдаткі на абарону краіны ад мігрантаў Вугоршчына нясе сама, без дапамогі ЭЗ.
“Тут ня будуць ламаць плот, ня буде бунта мігрантаў, пажару ў лягеры ўцекачоў, розныя банды ня будуць нападаць на вугорскіх жанчын – на нашых жонак і дачок”, сказаў старшыня ўраду. Ён заявіў, што загадаў міністру ўнутраных спраў Шандару Пінтэру, каб у выпадку ўзьнікненьня згаданых зьяваў той дзейнічаў рашуча.
Вугорскія памежныя затарасы, якія пастаўленыя дагэтуль на межах з Сэрбіяй і Харватыяй, паводле Орбана эфэктыўныя. “Трэба будзе іх фізычна ўмацаваць і пашырыць. Мы павінны быць гатовыя таксама да таго, каб мець магчымасьць праз два-тры тыдні фізычна забясьпечыць і межы з Румыніяй”, дадаў ён.
TASR Пераклаў з славацкай В. Буйвал. Крыніца: славацкая газэта “Hospodarske Noviny”, 4.03.2016 http://hnonline.sk/svet/593283-orban-kadejake-bandy-nebudu-utocit-na-nase-zeny-budeme-konat-samostatne