У апошнія месяцы перад сьмерцю савецкі правадыр Ёсіф Сталін рыхтаваўся да чарговай зачысткі сваёй вертыкалі ўлады. Аднак тыя, хто па ягоных разьліках, павінны былі стацца ахвярамі, яго апярэдзілі.
Такую думку выказаў у сваім блогу ў LiveJournal расейскі блогер Антон Носік. Ён зазначыў, што, паводле афіцыйнага паведамленьня, абвешчанага па радыё а 6 раніцы 6 сакавіка, Сталін памёр ад інсульта ўвечары 5 сакавіка 1953 года на бліжняй дачы ў Кунцаве. “Абставіны апошніх дзён ягонага жыцьця дайшлі да нас у мностве розных вэрсій (адзін Хрушчоў перавыдумляў сваю гісторыю прынамсі тройчы), але збольшага сюжэт вырысоўваецца той самы. 73-гадовы Сталін даволі выразна рыхтаваўся чарговы раз пачысьціць вярхушку сваёй вертыкалі ад чатырох бліжэйшых набліжаных, і гэтая самая чацьверка яго нейкім хваткім чынам апярэдзіла”, — напісаў Носік.
На думку расейскага блогера, застаецца адкрытым адно мэдычнае пытаньне. “Ці давялося чатыром змоўшчыкам ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1953 года атруціць “бацьку народаў” нейкім ядам падчас іхняй апошняй сумеснай п’янкі на Бліжняй дачы, альбо па цудоўнаму супадзеньню тырана ў самы патрэбны момант прыхапіў інсульт, а Хрушчоў, Берыя, Маленкоў і Булганін усяго толькі прасачылі, каб ён пасьля таго на працягу пары дзён не атрымліваў ніякай мэдычнай дапамогі. Мяркую, адказу на гэтае пытаньне мы ўжо ніколі не даведаемся. Мяне цалкам задавальняе і вэрсія пра цуд на сьвята Пурым” – рэзюмаваў ён. Па словах блогера, падрыхтоўка да ліквідацыі “бацькі народаў”, праведзеная Берыяй, задакумэнтавана вельмі нават грунтоўна. “У лічаныя месяцы перад сьмерцю Сталін пазбавіўся адразу ад многіх з верных людзей, якімі атачыў сябе ў апошнія гады на Бліжняй дачы: лякуючага мэдыка Вінаградава, начальніка аховы Уласіка, сакратара Паскробышава”, — зазначыў Носік. Ён дадаў, што “рашэньне аб арышце або адхіленьні кожнага зь іх ён сам жа і прыняў”. “У выніку застаўся і без мэдыцыны, і без аховы, і без бліжэйшага памочніка – затое ў кампаніі роўна тых самых чатырох чалавек, якіх зьбіраўся ў хуткім часе ліквідаваць. А яны – зь атрутай альбо без атруты – пасьпелі яго апярэдзіць”, — мяркуе блогер.
Носік падкрэсьліў, што пасьля сьмерці Сталіна Берыя “дзелавіта заняўся ліквідацыяй усіх непажаданых сьведкаў і магчымых выканаўцаў змовы”, у прыватнасьці, “ахоўнікаў Бліжняй дачы, яе прыслугі і сталінскага сына Васіля, упэўненага, што бацьку “атруцілі”. “А трое астатніх змоўшчыкаў паклапаціліся аб ліквідацыі ўжо самога Берыя, якую ім удалося пасьпяхова зьдзейсьніць праз 16 тыдняў рукамі вайсковых. “Праз паўгода пасьля захопу Берыі над ім прайшоў суд, на якім яго прызналі ворагам народа і шпіёнам адразу кучы выведак – такое адчуваньне, што ад першых дзён сваёй дарэвалюцыйнай кар’еры ён нічога іншага не рабіў, а толькі куды-небудзь бесперапынна вэрбаваўся: то да азэрбайджанцаў, то да англічанаў, то да амэрыканцаў, а да гэтага яшчэ і на царскую ахоўку пасьпеў папрацаваць”, — рэзюмаваў Носік. Ён падкрэсьліў, што калі менавіта расстралялі Берыю – “пасьля суда альбо адразу пры арышце, на паўгода раней – таксама канчаткова не зразумела”. “Дакуманты ягонай судовай справы выклікаюць масу пытаньняў. Сапраўднай інфармацыі аб тым, куды падзелася цела пасьля пакараньня сьмерцю, таксама няма. Але ў 2002 годзе Ваенная калегія Вярхоўнага суду РФ пакінула прысуд Берыі без зьмены”, — зазначыў расейскі блогер. 5 сакавіка споўнілася 63 гады з дня сьмерці кіраўніка СССР Ёсіфа Сталіна. У 1944 годзе, будучы старшынёй Дзяржаўнага камітэту абароны СССР, ён падпісаў пастанову аб прымусовым высяленьні крымскіх татар з тэрыторыі Крымскай АССР за “супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі войскамі”.
Пераклад з расейскай. Крыніца: http://svidomonews.blogspot.com/2016/03/blog-post_797.html