Тэчка Валэнсы

11 сакавіка 2016 г.

Навіны

Былому польскаму прэзыдэнту ў 1990-1995 гг. выстаўленыя абвінавачваньні пасьля раскрыцьця дакумантаў, якія прадстаўляюць яго інфарматарам спэцслужбаў у камуністычную эпоху.

“Я не павінна была раскрываць гэтыя дакуманты, я сапраўды ў адчаі…” Праз некалькі дзён Марыя Кішчак (82 гады) паўтарае гэтую фразу СМІ, якія інтэрв’юіруюць яе. Удава аднаго з магутнейшых людзей камуністычнай Польшчы генэрала Чэслава Кішчака, былога кіраўніка спэцслужбаў, апошняга прэм’ер-міністра рэжыму ў 1989 годзе, яна зьвярнулася пасьля сьмерці свайго мужа ў 2015 г. у Інстытут Нацыянальнай Памяці (IPN), які займаецца камуністычнымі злачынствамі, з просьбай разабрацца ў старых паперах.

Наступствы ўразілі яе. IPN арганізаваў ператрус у яе доме і забраў архівы генэрала. Сярод масы была тэчка з пісьмовымі справаздачамі і квіткамі, падпісанымі нейкім Болекам, інфарматарам СБ, камуністычных спэцслужбаў. Яго ідэнтыфікавалі як Леха Валэнсу.

У прынцыпе, “справа”, якая выбухнула на мінулым тыдні, пайшла на карысьць Праву і Справядлівасьці, кансэрватыўнай і папулісцкай партыі, якая ва ўладзе з кастрычніка 2015 г. і якую апазыцыя папракае ў падрыве інстытуцый, гарантаў дэмакратыі – такіх, напрыклад, як Канстытуцыйны Суд або СМІ. Гэтыя абвінавачваньні ўжо прывялі да праверкі Польшчы Радай Эўропы і падзеньня пазыцыі ў Standard and Poor’s.

Прадстаўлены як камуністычная змова

Пасьля гэтых нападаў ПіС Яраслава Качыньскага таксама арганізаваў адказ, прадстаўляючы нараджэньне посткамуністычнай дзяржавы – “ІІІ Рэспублікі” – як камуністычнай змовы. “Гэтая справа дае магчымасьць даказаць, што праект “вольная Польшча” быў кіруемы ад самага пачатку, — заявіў Вітольд Вашчыкоўскі, міністар замежных справаў. – Прынамсі частка тадышніх апазыцыянэраў, і сярод іх Лех Валэнса, былі нікім іншым як “пешкамі спэцслужбаў” – унутраных або зьнешніх”.

Цяперашні польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда, які паходзіць з ПіСа, у сваю чаргу выказаў шкадаваньне, што такія дакуманты незаконна ўтрымліваліся прыватнай асобай, “І ніводзін пракурор не рашыўся расшукаць іх”. Ён дадаў: “Вось якая была ІІІ Рэспубліка!”

Падчас падарожжа па Вэнэсуэле Лех Валэнса рашуча адкінуў абвінавачваньні. “Я ня быў стукачом СБ, я ніколі ня браў грошай, я ніколі ня здаў ніводнага чалавека”, — напісаў у сваім блогу былы 72-гадовы электрык. Ён тут жа дадае супярэчлівую фразу: “Я дапусьціў памылку, але ня больш таго. Я паабяцаў не раскрываць яе (…) Той, хто выклікаў гэта, яшчэ жывы. Ён можа ўсё раскрыць, і я разьлічваю на гэта”.

Графалагічная экспэртыза зойме некалькі тыдняў.

Некаторыя ў Польшчы мяркуюць, што дакуманты могуць быць падробкамі, сфабрыкаванымі спэцслужбамі на пачатку 1980 гг., каб не дапусьціць атрыманьня Нобэлеўскай Прэміі Міру лідэрам “Салідарнасьці”. Кіраўнік Інстытута Нацыянальнай Памяці Лукаш Каміньскі мяркуе, што дакуманты “аўтэнтычныя на 99%”, але гэта ня значыць, што інфармацыя ў іх сапраўдная. “Мы зробім неабходныя праверкі наколькі магчыма”, — запэўніў ён. Графалагічная экспэртыза зойме некалькі тыдняў.

На працягу доўгага часу пытаньне аб кантактах Леха Валэнсы з спэцслужбамі паўставала рэгулярна. Зацікаўленая асоба ўжо была прызнала тонкімі намёкамі, што “нешта там падпісала” на пачатку 1970-х гг, але разарвала ўсе супярэчлівыя адносіны да 1980 г. Згаданыя паперы адносяцца да пэрыяду з 1972 па 1976 гг. Што, такім чынам, не памяняе гераічнага іміджа былога заснавальніка “Салідарнасьці”.

Як сказаў былы дэпутат Збігнеў Буяк (блізкі да прафсаюза ад самага пачатку): “Я ў курсе справы прынамсі з студзеня 1980 г. У той час самымі надзейнымі людзьмі былі ня тыя, якія не супрацоўнічалі ніколі, але тыя, якія супрацоўнічалі, а потым парвалі зь імі. Яны атрымалі так бы мовіць прышчэпку ад гэтага”.

Магда Віато

Пераклаў з французкай В. Буйвал. Крыніца: французкая газэта “La Croix”, 22.02.2016 http://www.la-croix.com/Monde/Europe/Le-passe-de-Lech-Walesa-provoque-un-debat-politique-2016-02-22-1200741769