ІМІТАТАРЫ

24 лютага 2016 г.

Навіны

Пад шумок апошняй берлінска-брусэльскай маніпуляцыі з адменай абмежаваньняў для сьпіса лукашыстоўскіх чыноўнікаў вызначылася фэнамэнальная “дыпламатыя РБ”. СМІ паведамілі, як “у Міністэрстве замежных спраў адбылася літаратурная імпрэза «Ў дыялёгу культур». Яна была арганізаваная міністэрствам і літаратурным музэем Янкі Купалы і прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы”. Саліраваў на міністэрскім ранішніку як мае быць тав. Макей. Саліст нават вершыкі па-беларуску выканаў, ігралі скрыпачкі.

Здавалася б, вось як добра, да беларушчыны вяртаюцца. Але нават паслужлівыя рэжыму “дэмСМІ” не маглі стрымацца, паведаміўшы, што “вяртаньне адбылося на адзін дзень”. А наогул, што гэта за назва-дэвіз – “У дыялогу культур”? З чым яшчэ павінна “весьці дыялог” культура ўдзяржаўленага карэннага народа Беларусі? Ня могуць чынадралы адшкандыбаць ад свайго фальшывага “двуязычія”, якое на самой справе зьяўляецца вырабленай і цынічнай формай русіфікацыі і зьнішчэньня ўсяго беларускага.

Ды і сама падзея ў цэлым насіла інфантыльна-экзатычны характар. Справа дыпламатаў (сапраўдных, канешне) – не вершы дэкламаваць і карагоды вадзіць. Гэтым ёсьць каму заняцца ў нашым народзе. Вось бы ўзялі ды праявілі любоў да Беларусі і прафэсіяналізм хаця б у якім жэсьце супраць маскоўскай акупацыі, у якім дробненькім дакуманціку. А яны на сцэну лезуць, позы займаюць. Хаця іх можна зразумець. Як толькі ад карагодаў яны паспрабавалі б зрабіць паўкроку ў бок прафэсіяналізма, то зь іх адразу ж Масква скалаціла б групу “Маскі-шоў”, а ў “дыпламаты” запісала б іншых, больш кемлівых “рабят“.

Алесь Хадасевіч