Шматгадовае выгадніцтва Берліна, якое базавалася на “узаемных інтарэсах” з крамлёўска-лубянскай Масквой, перажывае мізэрны фінал. Масква ператварылася ў адкрытую пагрозу ўсяму чалавецтву, цяпер германскім палітэлітам цяжка становіцца ратаваць падмочаны аўтарытэт “друга Пуціна” і ягонай хунты. Падзеі паказалі, што ў якасьці падзякі за берлінскую шматгадовую падтрымку ўсяго нежывога маскоўскага Крэмль справакаваў цяжкі крызіс для Нямеччыны і ўсяе Заходняй Эўропы, накіраваўшы туды сотні тысячаў экзатычных мігрантаў (неяк апэрытаўна знайшліся структуры, якія заняліся гэтым бесчалавечным бізнэсам, чаўны, рэкламшчыкі, падрыхтаваныя маршруты). Эўрапейскае грамадзтва раптам убачыла, наколькі крохкім зьяўляецца яго дабрабыт, як лёгка ўсё можна парушыць прыходам “усяго толькі” аднаго мільёна чужынцаў. А што далей? На афрыканскім і турэцкім берагах на старце стаяць чарговыя мільёны. І гукаюць: “Нас фраў Мэркэль запрасіла!” Усе ў разгубленасьці.
Правалілася нафтава-газавая гульня Берліна-Масквы, яна аказалася ілюзіяй сыравінна-энэргетычнай бясьпекі. Валяцца кошты на расейскія нафту-газ. Незалежныя дзяржавы навыперадкі дамаўляюцца паміж сабой і пачынаюць рэалізаваць праекты пабудовы і эксплуатацыі камунікацый у абыход тэрыторыі РФ. Усе ўцякаюць ад Расеі, як ад шалёнай істоты. Шукаюць альтэрнатыўныя шляхі і варыянты, знаходзяць іх. Нямецкія стэрэатыпы, напрацаваныя за ўсе постсавецкія гады, становяцца для ўсіх нецікавымі. Усе чакаюць краху ўсходняй імпэрыі, рыхтуюцца да вайны і супраціву.
На гэтым фоне нямецкаму афіцыёзу не пазайздросьціш. Уласнае насельніцтва таксама пачынае настойліва заяўляць пра адказнасьць палітычнага класу за тупік і пагрозу эўрапейскай цывілізацыі. У прынцыпе прафэсійныя палітработнікі павінны былі б схамянуцца і ўрэшце пачаць нешта кеміць, рабіць высновы, адпрацоўваць нейкую новую стратэгію (ну, хаця б тактыку!). Пакуль на эўрапейскай арэне мы назіраем іхнюю поўную разгубленасьць, чуем лібэральнае балматаньне на агульныя тэмы з ужываньнем знаёмых ужо словаў.
Маленькая (але важная для беларусаў) ілюстрацыя стану нямецкай агаломшанасьці – гэта паводзіны нашчадкаў партайгэносэ Рыбэнтропа ў Менску. Цытуем паведамленьне “дэмСМІ”, просім не сьмяяцца і дачытаць да канца:
“Один из лидеров кампании “Говори правду” Татьяна Короткевич 10 февраля в Минске обсудила с политическим директором МИД Германии Андреасом Михаэлисом ситуацию в Беларуси.
Планировалось, что на встрече будет присутствовать кандидат в президенты на выборах 2010 года бывший политзаключенный Николай Статкевич. Однако, по словам политика, он вынужден был отказаться от встречи из-за плохого самочувствия. (…) По ее словам, встреча длилась около часа. Представитель МИД Германии, отметила Короткевич, рассматривает санкции “как механизм, а не конечную цель”. “Германия заинтересована развивать сотрудничество между нашими странами”, — сказала она”.
Крыніца: http://www.belaruspartisan.org/politic/333160/
Ведаеце, нават тав. Статкевіч (як вядома, асоба без асаблівых комплексаў) і той “раптам захварэў”, каб не сьвяціцца разам з мадам Караткевіч у групавым партрэце з германскім госьцем. А госьць хоць бы хны, адпрацаваў-адбарабаніў у рамках протаколу мізансцэну з вышэй названым пустым месцам і пайшоў на абед. Прыедзе ён дахаты ў Райхстаг (ці як там яно ў іх называецца) і дасьць бравурную справаздачу аб тым, як у Менску ён мацаваў дэмакратыю і германскія ўплывы. І, ведаеце, ніхто ў зале хіхікаць ня будзе, могуць нават у ладкі папляскаць жыдзенька. Абы да вечара… Ці разумеюць агульны драматызм становішча, ці бачаць тупік мільёны нямецкіх грамадзян? Ці ўключыцца-ажыве калі-небудзь нямецкі розум: стваральнік класічнай філасофіі, рацыянальнай навукі, хрысьціянскіх харалаў, велічнай готыкі, рэвалюцыйнага Рамантызму?
Валеры Буйвал