ІМПЭРЫЯ ПАТОНЕ, БЕЛАРУСЬ ПАЎСТАНЕ

15 лютага 2016 г.

Навіны

(Лютаўскі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

14 лютага ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, – “Да пытаньня пра рэжымную “апазыцыю”. З дакладамі выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту. Дакладчык зазначыў, што палітыка васальнага рэжыму, заснаваная на гвалтоўнай прывязцы эканомікі Беларусі да Расеі, церпіць крах. Тое, пра што папярэджвалі патрыёты на працягу гадоў і дзесяцігоддзяў, становіцца відавочным для вялікай колькасьці людзей, якія ўжо адчулі на сябе ўвесь цяжар расейскага імпэрскага крызісу. Чужы крызіс становіцца нашай праблемай. Нават у рамках такзванага Мытнага зьвязу назіраюцца правал і абмежаваньні, якія сьведчаць аб нежыцьцяздольнасьці гэтай сістэмы. Сьведчаньнем гэтаму зьяўляецца апошні ўказ пра рэзкае абмежаваньне на пасылкі і перавозку тавараў, нават для асабістых патрэбаў. Можна канстатаваць, што пакуль яшчэ ёсьць пэўныя рэзэрвы, якія дазволяць кароткі час трымацца імпэрска-васальнай сістэме на плаву. Але наперадзе ўсяроўна будзе калапс і разгортваньне драматычных сацыяльных працэсаў. Імпэрыя загіне. Задача беларусаў – не дапусьціць, каб наша Радзіма загінула разам з імпэрыяй. Але рашэньне гэтай праблемы ёсьць выключна палітычнае. Падпарадкаванае Маскве цяперашняе кіраўніцтва нашай краіны ня здольнае зрабіць гэтага, ды й ня хоча і ня ўмее. Вывесьці з імпэрскай катастрофы Беларусь можа толькі патрыятычнае беларускае кіраўніцтва.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Людзі падзяліліся сваімі думкамі аб дзейнасьці залежных псэўдаапазыцыянэраў і правакатараў. Прыгадалі эпізоды, зьвязаныя са Статкевічм у папярэднія гады. Зразумела, што рэжым спрабуе праціснуць наперад у масавай сьвядомасьці гэтую фальшывую фігуру, каб, магчыма, справакаваць, а потым разграміць непадрыхтаваны і кіруемы правакатарамі пратэст беларускага грамадзтва. Гэтага нельга дапусьціць. Трэба тлумачыць асабліва маладым людзям небясьпеку такой правакацыі, заклікаць грамадзтва да зьбіраньня сілаў. Нельга дапусьціць паўтарэньня Крывавай нядзелі 19 сьнежня 2010 года (дзе М. Статкевіч разам з Саннікавым якраз адыгралі ролю галоўных правакатараў).

У рэгіёнах ужо практычна ўведзена карткавая сістэма. Частку мізэрных заробкаў работнікам у многіх мясьцінах выпловаюць грашыма, а частку карткамі, на якія можна купляць харчаваньне ў мясцовых крамах. Тысячы людзей ужо ня маюць сродкаў на існаваньне і пакуль што атрымліваюць у мясцовых крамах харчаваньне “у крэдыт”. У сувязі з гэтым многія людзі, што да апошняга агрэсіўна баранілі антыбеларускі рэжым, раптам замаўчалі і нават пачалі праклінаць лукашызм.

Пра навязанасьць эканамічнага крызісу імпэрскай Расеяй сьведчыць таксама яшчэ адна трывожная тэндэнцыя. У Беларусі актывізуюцца, як кажуць людзі, “банды расейскіх гастралёраў”. У злачыннай зьвязцы з мясцовымі крымінальнікамі расейскія банды прыязджаюць у Беларусь на фурах, выкрадаюць і вывозяць у Расею тавары і абсталяваньне. Нядаўна такія банды былі злоўлены ў Жодзіне. Гэта ім лёгка рабіць, бо вусаты злачынца даўно скасаваў мяжу а бальшыня беларусаў гаворыць па расейску, маскоўскім бандытам лёгка замаскавацца.

Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”