“Швэцыя была раем…”

9 лютага 2016 г.

Навіны

“Калі я прыехала ў Швэцыю, спачатку мне здавалася, што тут, як у раі. Усе ставіліся да мяне прыязна і ў мяне не было ніякіх праблем з уключэньнем у грамадзтва. Швэцыя мне здалася краінай, дзе зусім няма ніякай злачыннасьці”, — успамінае для iDnes.cz мэдсястра Катэржына Карлсан. У краіне яна жыве ўжо адзінаццаць гадоў.

Скандзінаўская ідылія, аднак, паступова скончылася. “Тут ужо ўсё не выглядае, як цывілізаваная краіна. Людзі тут б’юцца і крадуць”, — тлумачыць яна прычыны, чаму ўрэшце вырашыла выехаць з цэнтру сталіцы.

“Мы пераехалі на выспу падалей ад горада. Мае дзеці нават у школе не былі ў бясьпецы. Калі майму сыну Эліяшу было пяць гадоў, на гульнявой пляцоўцы адбылася спрэчка за горку. Хлопчык з Блізкага Усходу, такога ж узросту, як ён, прыгразіў Эліяшу, што ўдарыць яго нажом у жывот”, — распавядае яна.

У школьнай сталоўцы, куды хадзілі яе дзеці, перасталі падаваць сьвініну. “Некаторыя бландынкі пачалі фарбавацца на чорна, каб быць больш падобнымі на блізкаўсходніх дзяўчат. У мэтро я ўжо адчуваю сябе не як чалавек, а як сэксуальны аб’ект. Вы ня можаце там нават зірнуць у вочы маладым імігрантам. Яны ўспрымаюць гэта як правакацыю”, — працягвае Катэржына. На шчасьце, яна ня мае асабістага досьведу сэксуальнага нападу, але ўжо перастала езьдзіць на стакгольмскім мэтро.

У гета паеду, але не адзін. Паліцэйская машына ня мае шанцаў

Адзінаццаць гадоў таму Катэржына была ў сваім доме таксама імігранткай. Тады яе натхніла прыязнасьць швэдаў і хуткія дзеяньні ўладаў, якія выканалі ўсе неабходныя фармальнасьці без доўгіх чэргаў і зацягнутых праверак.

Паміж калегамі ў шпіталі яна далёка не адна замежніца. Яна ходзіць на забавы з іранскімі, ірацкімі, сірыйскімі або нават з шрыланкійскімі сябрамі.

Ніхто зь іх ня мае цяжкасьцяў з жыцьцём у Швэцыі – дастаткова, што яны хочуць працаваць і маюць ахвоту прыняць паўночныя правілы гульні.

Прыязнасьць швэдскіх уладаў, аднак, прывабіла таксама і натоўпы людзей, якія нічым такім ніколі не цікавіліся.

“Вялікая маса імігрантаў, на жаль, думае, што Швэцыя толькі раздае кватэры і грошы. Тут паўстала паралельная супольнасьць бедных імігрантаў, якія ня здолелі ўключыцца ў грамадзтва. Яны зьдзяйсьняюць злачынствы. Іхнія дзеці вымушаныя расьці ў гетах, дзе яны ня маюць магчымасьці пазнаёміцца з швэдскімі звычаямі і культурай”, — дадае Катэржына.

Яна не вагаецца і выкарыстоўвае тэрмін “no-go zóna”, вакол якога вядзецца вялікая дыскусія, — паводле яе словаў, у стакгольмскія прадмесьці, як Рынкэбю альбо Тэнста, сапраўды не наважваюцца выязджаць нават паліцэйскія патрулі. Каменьнямі там ужо былі паранены некалькі паліцыянтаў і мэдработнікаў. Найбольш шуму вакол іх было ў 2013 годзе, калі ў Стакгольме палалі аўтамашыны і школы. Тады насельнікаў гэтых кварталаў разьюшыла тое, што паліцыянты застрэлілі старога, які пагражаў ім мачэтэ.

Стакгольмскія вакзалы захоплены хуліганамі з Марока

Нежаданьне ахоўнікаў парадку езьдзіць у гэтыя раёны летась пацьвердзіў часопісу Forskning & Framsteg адзін зь іх – паліцыянт Якаб Экстром. Машына хуткай дапамогі і паліцэйскі патруль, зразумела, прыедуць на выклік, але адной машыны заўсёды мала.

Зусім нядаўна, ў аўторак грамадзкае тэлебачаньне SVT зьвярнула ўвагу на тое, што праблемы маюць ня толькі кварталы, дзе жывуць імігранты. Проста каля цэнтральнага вакзала ў Стакгольме вырабляюць банды хлопцаў з Марока, якія абрабоўваюць мінакоў і лезуць да дзяўчат.

“Я ніколі не пакінуў бы сваё дзіця само на цэнтральным вакзале. Гэтага не зрабіў бы ніводны паліцыянт”, — прызнаўся журналістам пры ўмове ананімнасьці адзін з мясцовых паліцыянтаў. Атрад ахоўнікаў парадку, паводле яго, укленчыў і не дае рады рабіць сваю працу.

Супраць малагадовых мараканцаў практычна нічога не магчыма зрабіць. Юнакі ня маюць у Швэцыі бацькоў, ніхто ня ведае ні іхняе сапраўднае імя, ні ўзрост, дапамогу ўладаў яны адкідваюць і жывуць з крымінальнай дзейнасьці, за якую нават не нясуць юрыдычнай адказнасьці. Паліцыя павінна адразу ж адпускаць затрыманых хлопцаў, а тыя спакойна сьмяюцца ў твар ахоўнікам парадку. Гэта магло б зьмяніць больш шчыльнае супрацоўніцтва з Марока, спадзяюцца паліцыянты.

З прычыны імігрантаў швэды пакідаюць свае дамы, часта за кошт пазыкаў

У грамадзтва пры гэтым трапляе толькі частка інфармацыі аб злачыннасьці, якая зьвязана з імігрантамі. Ці то йдзецца аб злачынствах, зьдзейсьненых імі, ці то аб тых, у якіх яны фігурыруюць як ахвяры. Як нядаўна паведаміла газэта Dagens Nyheter, усе гэтыя выпадкі застаюцца ў паліцэйскіх дакумантах пад “сакрэтным” кодам 291. Унутраныя правілы патрабуюць, каб паліцыянты замоўчвалі такія выпадкі перад журналістамі – бо гэта магло б распальваць расізм.

Паліцэйскія правілы, якія павінны абараняць Швэцыю ад расавай нецярпімасьці, паводле Катэржыны Карлсан, значна ўскладняюць таксама й перасьлед пашуківаных асобаў. “Калі нешта здараецца і паліцыя мусіць некага знайсьці, яна нават ня можа сказаць, як той чалавек выглядае”, — апісвае яна непрыдатнасьць мясцовых пашуковых правіл.

Стрыманасьць паліцыі і швэдскіх СМІ праявілася, напрыклад, колькі тыдняў таму, калі высьветлілася, што ўлады паўтара гады замоўчвалі факт сэксуальнага гвалту з боку аўганцаў на музычным маладзёвым фэстывале.

Медсястра не адна, хто са страху за бясьпеку сваіх дзяцей вырашыў выехаць з цэнтра Стакгольма. Свае дамы, паводле яе, ужо пакінула мноства швэдаў, якія пераязджаюць з прычыны расісцкай злачыннасьці ў спакайнейшыя – і значна даражэйшыя – кварталы.

“Таго, чаго швэдам у параўнаньні з чэхамі не хапае, дык гэта рашучасьці. Людзі тут не пратэстуюць, хутчэй купляюць дом альбо кватэру за дзесяць мільёнаў, каб ня быць разам з імігрантамі. Асабліва сярэдні клас з гэтай прычыны мае страшную запазычанасьць”, — завяршае Катэржына Карлсан.

Высокую запазычанасьць швэдскіх кватэраздымшчыкаў і яе хуткі рост за апошняе дзесяцігоддзе пацьвярджае, напрыклад, агенцыя Bloomberg. У сувязі з гэтым банкі вымушаны былі вызначыць такую столь, каб швэды не маглі пазычыць у іх больш за 85% кошту нерухомасьці, якую хочуць купіць. Ніякіх дадзеных аб магчымай сувязі паміж пакупкай новых дамоў і імкненьнем вырвацца ад праблемных суседзяў, аднак, не існуе.

Міхал Белка Пераклаў з чэшскай В. Буйвал. Крыніца: чэшская газэта “Hospodarske Noviny”, 30.01.2016 http://hn.hnonline.sk/svet-120/svedsko-byvalo-rajom-ale-teraz-sa-bojim-jazdit-metrom-hovori-ceska-1053765