Брытанскі суд пра Пуціна

3 лютага 2016 г.

Навіны

Лёндан. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін паводле брытанскага суддзі “верагодна даў даручэньне” на забойства былога расейскага агента Аляксандра Літвіненкі, які памёр у 2006 годзе, атручаны палоніем. Само забойства зьдзейсьнілі два расейскія агенты на загад расейскай контрвыведкі ФСБ, што вынікае з высноваў брытанскага сьледства.

Удава Літвіненкі патрабуе ўвядзеньня санкцый супраць Расеі і Пуціна.

“Апэрацыя ФСБ была верагодна даручана Патрушавым і таксама прэзыдэнтам Пуціным”, — заявіў сьледчы суддзя ў сваіх высновах. Мікалай Патрушаў быў тады кіраўніком ФСБ, а цяпер ён старшыня расейскага Савета бясьпекі.

Паводле высновы судовага сьледства, зь якога зьявіліся зьвесткі ўжо летась у ліпені, Пуцін і члены ягонай адміністрацыі мелі свае матывы для забойства Літвіненкі.

Паводле сьледства, ёсьць доказы, што былыя расейскія агенты Дзімітры Коўтун і Андрэй Лугавы атруцілі крытыка Крамля Літвіненку ізатопам радыёактыўнага палонія-210. Рэчыва яны падмяшалі яму ў гарбату падчас сустрэчы, якая адбылася ўвосень 2006 г. у лёнданскім гатэлі “Міленіюм”. Лугавы заявіў на абвінавачваньне, што гэта абсурд.

Літвіненка працаваў агентам раней на Савецкі Саюз, а потым на Расею, але пазьней пачаў крытыкаваць кіраўніцтва сваёй краіны і становішча ў выведцы. Урэшце ў 2001 годзе ён атрымаў палітычны прытулак у Брытаніі, прыняў брытанскае грамадзянства і працаваў на брытанскую сакрэтную службу МІ16.

Перад сьмерцю Літвіненка абвінаваціў Пуціна ў тым, што той загадаў яго забіць. Крэмль увесь час адмаўляў свой удзел у справе, таксама як і Лугавы і Коўтун, якіх Расея адмовілася выдаць.

Гвалтоўнай сьмерцю ў мінулым скончылі жыцьцё таксама шэраг іншых крытыкаў Пуціна і ягонага рэжыму.

CTK, LIDOVKY.CZ Пераклаў з чэшскай В. Буйвал. Крыніца: чэшская газэта “Lidove Noviny”, 21.01.2016 http://www.lidovky.cz/britsky-soud-putin-si-pravdepodobne-objednal-vrazdu-litvinenka-p8l-/zpravy-svet.aspx?c=A160121_104202_ln_zahranici_ELE