Героі народнага супраціву. Паўстаньне ў канцлягеры

3 лютага 2016 г.

Навіны

Аляксандр Аронавіч Пячэрскі (1909-1990) нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ва ўкраінскім Крамянчугу. У 1915 г. сям’я пераехала ў Растоў-на-Доне. Пасьля заканчэньня школы Пячэрскі працаваў электрыкам а заводзе, вучыўся ва ўнівэрсітэце. 22 чэрвеня быў прызваны ў Чырвоную армію, служыў афіцэрам-інтэндантам у 596-м артылерыйскім палку 19-й арміі. Пад Вязьмай полк патрапіў у нямецкі “кацёл”. Лейтэнант Пячэрскі праявіў у баях мужнасьць і арганізатарскія здольнасьці. Падчас выйсьця з акружэньня у байцоў скончыліся патроны і яны патрапілі ў палон.

Аляксандра Пячэрскага пераводзілі з аднаго лягеру ваеннапалонных у другі. А калі немцы ўрэшце даведаліся, што ён габрэй, то накіравалі яго ў лягер зьнішчэньня Сабібор пад Люблінам у складзе групы габрэяў-ваеннапалонных. Гэта была фатальная памылка акупантаў. Людзі, якія прайшлі ваенныя дзеяньні, былі рашуча настроеныя на змаганьне. Па прыбыцьці групы ў Сабібор немцы адразу забілі 520 чалавек з 600, 80 пакінулі для гаспадарчых працаў. Пячэрскі адразу зразумеў, што гэта толькі адтэрміноўка сьмерці, і пачаў арганізоўваць паўстаньне разам з падпольнай групай Лявона Фэльдхэндлера, якая ўжо дзейнічала ў лягеры.

Пячэрскі запрапанаваў адмовіцца ад паасобных уцёкаў і настойваў на агульным паўстаньні ўсіх вязьняў. Паводле ягонага плану, вязьні павінны былі забіць кіраўніцтва канцлягеру і як мага большую частку аховы і вырвацца на волю. Ахоўнікі з ліку эсэсаўцаў і фашыстоўскіх калабарантаў карысталіся паслугамі работнікаў-вязьняў. Гэта аблегчыла задачу паўстанцаў.

14 кастрычніка 1943 г. вязьні пачалі запрашаць гітлерцаў паасобку ў майстэрні, нібыта для прымеркі пашытага мундзіра і падобнага. Там на іх накідваліся вязьні, душылі і дабівалі сякерамі. Было забіта 11 эсэсаўцаў і каля 40 паслугачоў-калабарантаў. Аднак, ахова падняла трывогу і адкрыла агонь. Вязьні адразу пайшлі на прарыў, павалілі вежу з кулямётам, выбілі браму лягеру і пабеглі праз міннае поле. У лягеры засталіся толькі хворыя і нямоглыя, а таксама тыя, хто спадзяваўся выжыць праз поўную пакорлівасьць гітлерцам. Усіх іх на наступны дзень расстралялі.

З 300 чалавек, якія вырваліся з канцлягеру, да канца вайны дажылі каля 50 чалавек. Многія загінулі падчас паўстаньня і ў нямецкіх аблавах у наступныя дні. Аляксандр Пячэрскі заклікаў людзей прарывацца ў Беларусь. Бальшыня з тых, хто застаўся ў Польшчы, загінула. Пячэрскі і ягоная група ваявалі ў Беларусі ў складзе партызанскага атрада імя Шчорса. Пячэрскі служыў падрыўніком. Як толькі прышла Чырвоная армія, яго арыштаваў СМЕРШ і паслаў у штрафны батальён “змываць віну крывёй”. Пасьля раненьня Пячэрскі ваяваў да апошняга дня вайны. Пасьля вайны жыў у Растове.

У СССР ягоны подзьвіг замоўчваўся. У 1987 г. У Галівудзе быў накручаны мастацкі фільм аб паўстаньні “Уцёкі з Сабібора”. Ролю Пячэрскага сыграў акцёр Рутгэр Гаўэр. Пасьля сьмерці героя ягоным мем назвалі вуліцу ў ізраільскім горадзе Цфат і адсланілі ягоны помнік у Тэль-Авіве. У Растове ёсьць памятная шыльда на доме, дзе ён жыў.

(па матар’ялах друку)