Рэпрэсіі супраць крымскіх татараў

13 января 2016 г.

Навіны

На паўвыспе ўвесь час зьнікаюць людзі. Расейская паліцыя ня хоча праводзіць сьледства.

У сярэдзіне сьнежня зьніклі бязь вестак яшчэ двое татараў: Арлен Церахаў і Руслан Ганіеў. Другі быў докерам у порце, першы працаваў ахоўнікам, а раней служыў ва ўкраінскіх спэцвойсках міністэрства ўнутраных спраў.

Расейская паліцыя на паўвыспе адмовілася распачаць пошук зьніклых.

16 сьнежня паліцыя арыштавала татарына Энвэра Кроша. У аддзеле паліцыі яго перадалі супрацоўнікам расейскай контрвыведкі ФСБ, якія ўсю ноч катавалі яго, патрабуючы, каб ён супрацоўнічаў зь імі. Раніцай 17 сьнежня яго выпусьцілі, папярэдзіўшы: “Памятай, у цябе двое малых дзяцей. Падумай над нашай прапановай”.

На другім баку дэмаркацыйнай лініі, што аддзяляе паўвыспу ад Украіны, крымскія татары ўвесь час праводзяць блакаду паўвыспы, сярод іншага пільнуючы ўзарваныя слупы электраперадач і не дазваляючы іх адрэмантаваць. З гэтай прычыны ў Крыме няма электрычнасьці.

Кіраўнік блакады Лянур Іслямаў заявіў, што ў хуткім часе ён распачне фармаваць “татарскі батальён” украінскай арміі. “Мы першыя ўвойдзем на паўвыспу”, — паабяцаў ён. У сярэдзіне лістапада аб утварэньні такога аддзелу выказаўся лідэр крымскіх татар Мустафа Джэмілёў у размове з прэзыдэнтам Парашэнкам.

Ад пачатку расейскай інвазіі ў сакавіку 2014 года зьніклі бязь вестак альбо былі забіты “невядомымі злачынцамі” ужо 12 татараў. У той жа час у дзьвюх вялікіх крымінальных справах некалькі татараў былі засуджаны на турэмныя тэрміны.

Першая – гэта “сьледства ў справе 3 траўня” – 3 траўня 2015 года, калі татары пратэставалі перад адным з пастарункаў пры выезьдзе з Крыму супраць таго, што расейцы не пускалі на паўвыспу іхняга лідэра Мустафу Джэмілёва. “Справа 26 лютага” тычыцца ў сваю чаргу сутычак у лютым 2014 года паміж прыхільнікамі Украіны і расейскімі баевікамі ў Сімфэропалі – яшчэ да пачатку расейскай агрэсіі ў Крыме.

rp.pl

Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 22.12.2015 http://www.rp.pl/Swiat/312229937-Krym-represje-wobec-Tatarow.html