Зьнішчэньне Беларусі ня спыніцца пакуль грамадзтва не пачне бараніцца

12 января 2016 г.

Навіны

Cтудзеньскі Сойм 2016 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

10 студзеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, – “Перамагчы можна толькі з ідэяй”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту. Дакладчык спыніў увагу на імклівасьці разьвіцьця падзей у эканамічнай сфэры нашай краіны. Рэжым прыступіў да чарговага этапу структурнай ліквідацыі Беларусі: разгрому прыватнага дробнага бізнэсу. Церпяць ад гэтага дзесяткі тысячаў сем’яў беларускіх грамадзян.

Для ліквідацыі акупанцкі рэжым задзейнічаў свае каланіяльныя рычагі і навязаную Беларусі сістэму “саюзных адносінаў” з Масквой. У чарговы раз, канкрэтна высьвятляецца, для чаго патрэбная ўся прамаскоўская палітыка васальнага кіраўніцтва нашай краіны – для разбурэньня нашай народнай гаспадаркі, беларускага бізнэсу і ўрэшце да “зачысткі” усяго жывога і творчага ў Беларусі. І гэтае ж месца не застанецца пустым, усе захоплівае бандыцкі расейскі капітал і мафійны расейскі бізнэс. Рэжым ліквідуе чарговых канкурэнтаў. Скончыўся пэрыяд “талеранцыі і прыстасаванства”. Цяпер нашым людзям трэба зразумець, што працэс зьнішчэньня ня будзе спынены, калі грамадзтва не абароніць нашыя багацьці і нашую краіну ад імпэрскага захопу. Асаблівую важнасьць набывае асьветніцкая праца ў грамадзтве. Усе патрыёты павінны мабілізавацца на гэта. Каб ніхто потым не скардзіўся, што яму не патлумачылі і не паведамілі, што трэба рабіць. Масква хоча канчаткова аслабіць і ўрэшце захапіць Беларусь. Толькі наш народ можа не дапусьціць гэтага.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што паўсюль людзі пачынаюць уголас казаць пра праблемы краіны і пра тых, хто сваёй палітыкай арганізаваў гэтыя праблемы. Беларусы заўважылі, як нахабна дзейнічаюць маскоўскія акупанты. За нікчэмныя кошты яны скупляюць яшчэ жывыя беларускія прадпрыемствы і на працягу некалькіх месяцаў даводзяць іх да краху. Так адбылося, напрыклад, з птушкафабрыкай у Аляхновічах. У выніку тысячы работнікаў згублі працу па ўсяе краіне. Людзі спрабуюць зарабіць на цяжкіх працах у Расеі, але за месяцы працы ім выплочваюць кошт зваротнага квітка, і яны вяртаюцца ў Беларусь з пустымі рукамі ды яшчэ радуюцца, што іх не забілі. Толькі салідарнае ў змаганьні грамадзтва здольнае спыніць гэты акупанцкі кашмар і вярнуць жыццьцё ў Беларусі да чалавечай нормы.

Сябры Сойму абмеркавалі таксама падзеі ў Заходняй Эўропе. Навагоднія драматычныя падзеі ў шэрагу заходніх гарадоў паказалі, што крызіс у заходнім грамадзтве перайшоў у актыўную фазу. Гаспадарамі ў гэтых гарадах і краінах становяцца банды агрэсіўных і цынічных чужынцаў, якім ня здольнае супрацьстаяць геданічнае і пасіўнае грамадзтва і яго лібэральнае кіраўніцтва.

Пакуль згаданае кіраўніцтва дамаўлялася з Масквой наконт падзелу Эўропы і перадачы Беларусі (і Украіны) пад уладу Масквы, захісталіся іхнія ўласныя дзяржаўныя сістэмы. Аказалася, што здольнымі супрацьстаяць нашэсьцю чужынцаў і лібэральнаму маразму ёсьць толькі краіны Цэнтральнай Эўропы – Польшча, Вугоршчына, Славакія, Чэхія, Баўгарыя, Румынія, а таксама Беларусь, Україна і краіны Балтыі. Гэта ёсьць гістарычны момант для кансалідацыі нашых хрысьціянскіх народаў і захаваньня ды ўмацаваньня эўрапейскай цывілізацыі ў нашым рэгіёне.

Маскоўска-бэрлінска-брусэльскі антынародны хаўрус правальваецца, у хаўрусьнікаў сур’ёзныя экзістэнцыйныя праблемы. Яны дагуляліся ў змову, зло абярнулася супраць іх. Мы спачуваем простым грамадзянам заходніх краін, але ж і яны павінны паспачуваць сябе ды зрабіць адпаведныя высновы пра немагчымасьць працягваць лібэральны хаос. У сувязі з гэтым здаровыя сілы грамадзтваў павінны выходзіць на гарызантальны ўзровень міжнароднага супрацоўніцтва дзеля ўратаваньня хрысьціянскай культурнай Эўропы.

Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 10 студзеня 2016 г.