Пуцін вінаваты

12 января 2016 г.

Навіны

Знайшоў сабе забаву: чытаю перадвыбарчыя праграмы і выступы Пуціна. Пачынаючы з 2000 года ключавая ягоная ідэя – “зьняць эканоміку з нафтавай іголкі”.

Пуцін разважае, што залежная ад нафтавай кан’юнктуры эканоміка “не гарантуе нам ні стабільнасьці, ні сувэрэнітэту, ні дастойнага існаваньня”. Для Расеі гэта проста недазваляльна, мяркуе прэзыдэнт. Прапануе разьвіваць сучасныя тэхналогіі і ўводзіць інавацыі.

Вось цікавы ён усё ж чалавек, Уладзімір Пуцін.

Слухаеш яго – і ўражаньне, нібыта ён толькі сёньня прышоў ва ўладу. Да яго нейкія здраднікі і нягоднікі ўсё паламалі, а ён тут зьяўляецца ўвесь у белым і тлумачыць, як усё наладзіць.

За гады кіраваньня Пуціна наша дзяржава атрымала ад продажу нафты гіганцкія прыбыткі – каля 3,5 трыльёнаў даляраў ЗША.

Тры. З паловай. Трыльёна. Даляраў.

Прэзыдэнт меў усе магчымасьці для таго, каб гэтыя грошы карэнным чынам зьмянілі фундамэнт расейскай эканомікі.

Хто замінаў ствараць сучасную прамысловасьць, інвеставаць у высокія тэхналогіі, разьвіваць інавацыі? Хто вам, Уладзімір Уладзіміравіч, замінаў рабіць усё гэта, пра што вы так красамоўна разважалі ў сваіх перадвыбарчых артыкулах?

Рэальны вынік палітыкі Пуціна – залежнасьць эканомікі ад нафты толькі ўзмацнілася. Замест таго, каб выцягнуць “нафтавую іголку” – засадзіў яе яшчэ глыбей, па самы корань.

Які вынік?

Мы ведаем, што ад нафтавых прыбыткаў атрымалі пуцінскія сябры – усе гэтыя ратэнбэргі, кадыравы, сечыны ляскаюцца ад грошай. Яхты, палацы, футрасховішчы. “Іхнія дзеці шалеюць ад таго, што ім няма што больш хацець”.

А што атрымала краіна?

Малы бізнэс здушылі падаткамі, антысанкцыямі і адміністрацыйнымі абцугамі. Пэнсіі ў два разы ніжэй за жабрацкую Грэцыю. Абрабоўваюць паборамі дальнабойшчыкаў. Настаўнікаў і лекараў звальняюць па ўсяе краіне – грошай на іхняе ўтрыманьне не стае.

Затое армія чыноўнікаў упэўнена расьце. Бюракратаў сёньня ў Расеі больш, чым было ва ўсім СССР. Выдаткі на ўтрыманьне чыноўнікаў за апошнія 15 гадоў павялічыліся на траціну. І адчуваюць яны сябе значна больш сытымі, чым астатнія.

Краіна паціскае плячыма: ну няхай, маўляў, што зробіш. Затое без рэвалюцый і закалотаў. Краіна сочыць за нафтавымі коштамі, як за паведамленьнямі з фронту. Упала нафта – катастрофа. О, падрасла крыху! Жывем!

Ганьба. Удаем з сябе звышдзяржаву, а за 15 гадоў так і ня здолелі навесьці парадак ва ўласным доме.

Ільля Яшын, Масква. Пераклад з расейскай. Крыніца: http://www.aboutru.com/2016/01/22657/