Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: Аб падзеях

(Выступ на сьнежаньскім Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Час даволі трывожны. Чакаюць эканамічнага абвалу. Існуе пагроза вайны. На першы погляд здаецца нядобрым, што не зьяўляецца здаровая альтэрнатыва нармальных людзей, для якіх вольная Беларусь – перадусім. Але адчуваецца, што такія людзі ўжо ёсьць. Яны зьяўляюцца, ды не настаў іх час. І важна, каб яны не паддаліся на агітацыю правакатараў і на прапановы бяз мэты натоўпам бадзяцца па вуліцах. Беларусы ўжо гэта праходзілі.

Час унутранага сасьпяваньня і кансалідацыі вельмі адказны. Тым больш, што ня толькі ўнутраная, але і міжнародная абстаноўка паказвае на магчымасьць раптоўнага павароту і раптоўнага разьвіцьця падзей. З адраджэнскага боку праводзіцца пэўная сур’ёзная праца на пераменную пэрпэктыву, але аб’яўлена яна будзе толькі пасьля завяршэньня.

Тым часам найважнейшым пытаньнем застаецца прыход у адраджэнскую палітыку новых энэргічных і разумных людзей. Гэты працэс нам вельмі ўскладняе адсутнасьць сталага месца, куды б маглі прыходзіць энтузіясты. Тым ня менш мы разумеем, што цяпер такая ёсьць рэальнасьць і трэба выкарыстоўваць іншыя магчымасьці. Практыка паказвае, што пры ініцыятыўным, пасьлядоўным падыходзе нават за мяжой (дзе магчымасьці вельмі вузкія) можна здабываць станоўчыя вынікі. Можна і ў Беларусі. Нельга спазьняцца.

Агентурная апазыцыя, мы бачым, рэзка размежавалася. Ад грантавай масы аддзялілася лубянская лінія Дзімітрыева-Караткевіч і шчыльна дрэйфуе ў бок супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам, прымаючы ўсё ягонае ўладкаванае палітычнае статус-кво. Ствараецца такая квазіапазыцыйная паралель праўладнай “Белай Русі”.

Але малаверагодна, каб Лукашэнка прапусьціў іх у “палатку”. “Палатка” не для таго створана, каб там нехта выступаў. Рэжым нават ад заангажаваных паслуг Абрамавай адмовіўся.

Шкоднасьць “дзьмітраўшчыны” ў тым, што яны мельцяшацца і блытаюць людзей. У гэтым, дарэчы, іхняя галоўная паслуга рэжыму (будуць заганяць беларусаў на фальшывыя выбары).

Асобная тэма (новая старая тэма) – гэта «ўзбуджальная» дзейнасьць Міколы Статкевіча. Сутнасьць ягонай асобы даўно вядомая кожнаму фронтаўцу. З правакацыяў, аднак, нічога не атрымаецца. Беларусы паразумнелі. Хаця ўся трольная агентура ў Сеціве аж пеніцца, каб зрабіць з Міколы чарговую зорку “псэўдаапазыцыі”.

Калі пачнуцца сур’ёзныя падзеі, то засьвечаныя правакатары будуць проста элімінаваныя з працэсу на маргінэс разам з усімі дзяжурнымі ганебнай “апазыцыі”. За доўгі час паказальнага існаваньня яны ўсім вядомыя.

Узмацньне антыбеларускай палітыкі

Курс Эўразьвязу на адкрытае супрацоўніцтва з антыдэмакратычным рэжымам Лукашэнкі імгненна скарэктаваў акупацыйную палітыку ўлады. Усё больш і больш пачынаюць душыць беларушчыну адкрыта, цынічна з выкарыстаньнем грубай антыбеларускай рыторыкі. Нядаўна маю мастацтвазнаўчую кнігу “Беларуская фатаграфія” акупацыйныя структуры назвалі “экстрэмісцкай”. Нават кнігу пра Курапаты ўжо хочуць аб’явіць “экстрэмісцкай”. Суд выкарыстоўваюць, каб падвесьці пад акупацыйны закон і панішчыць.

Апошняя падзея акупацыйнай рэчаіснасьці з гэтага шумавіньня – у Магілёве ачапілі раён спэцназам і адчынілі помнік магілёўскім энкавэдзістам.

Дзеля даведкі зазначу, што ў Магілёве ў 30-х гадах дзейнічала і зьвярэла самае жудаснае ў Беларусі НКВД. Пра гэта я пісаў у артыкуле “Курапаты – дарога сьмерці” і ў кнізе пра Курапаты, якую рэжым назваў цяпер “экстрэмісцкай”. Садыстка Байкова, якая “з выдумкай” катавала голых вязьняў, працава якраз у гэтым магілёўскім НКВД.

Пад Магілёвам у лесе было месца, куды энкавэдзісты звозілі арыштаваных і расстрэльвалі ў ямах (Магілёўскія Курапаты). Я зьбіраў зьвесткі пра месцазнаходжаньне гэтых магілёўскіх Курапатаў, плянуючы знайсьці і дасьледваць. Але адыход у актыўную палітыку прыпыніў мае намеры.

Характэрна, што калі цяпер адчынялі помнік тым магілёўскім катам, то кагэбісты мала таго, што ачапілі раён, але не дазвалялі фатаграфаваць нават журналістам і хавалі твары. Разумеюць подлыя натуры, што робяць і што за тое можа быць. І будзе.

Экспансія з Масквы

Са зьменай пазыцыі Заходняй Эўропы адносна рэжыма Лукашэнкі зьвязана і нахабнае насіленьне Масквы з мэтай стварыць свае ваенныя базы ў Беларусі. Чаго толькі ні пішуць “экспэрты” пра прычыну гэтай маскоўскай агрэсіі – і “пагроза для НАТО” і “падтрымка калінінградзкага анклава”, і “пагроза Балтыі”, і ўсё гэта “супраць Украіны”, і інш. Ня пішуць толькі пра самае галоўнае – ваенныя базы патрэбныя тут Маскве, каб гарантавана захапіць і зьнішчыць Беларусь. Гэта акт акупацыі пад выглядам нейкай “пагрозы” і нейкай “патрэбы”. Масква выкарыстоўвае момант, чарговае глупства ў эўрапалітыцы. Становішча паказвае, што часам нават прасьцейшыя рэчы ў геапалітыцы для абстрактных экспэртаў аказваюцца недаступнымі, бо нацыянальная палітыка разумеецца і робіцца не абстрактнымі, а нацыянальнымі асобамі.

Вядома, супраць такой агрэсіўнасьці Масквы патрэбныя і пратэсты і пратэстная актыўнасьць грамадзтва. Але рэальна важна глядзець глыбей і далей. Рыхтуймася да барацьбы з усходнім ворагам. Ня майма ілюзіяў. Трэба гуртавацца і рыхтавацца, і запасацца ўсім, што неабходна для змаганьня са злачыннымі ворагамі чалавецтва. Вайна, разьвязаная пуцінскай Расеяй, ня скончылася, яна пашыраецца і будзе мець фінал, да якога мы – беларусы – калі хочам застацца беларусамі, павінны быць добра падрыхтаванымі.

Навіны культуры

У апошні час журналістамі так званых “дэмСМІ” узмоцнена раскручвалася тэма нобэлеўскай прэміі С. Алексіевіч. Задавалі дзясяткі наіўных пытаньняў, агучвалі чаканьні і нават прэтэнзіі да набілянта, якія сьведчылі пра поўную адарванасьць гэтых людзей ад рэальнасьці.

Як і павінна было быць, свой шанц рэабілітавацца перад беларусамі Алексіевіч не скарыстала. Яна проста не зразумела, што ад яе патрабуецца і адкрыта прызналася ў сваім неразуменьні. Гэта ў яе ад прыроды. Яшчэ ў школе яна ніяк не магла зразумець, што такое вобраз народа. Недаходзіла, як ёй настаўнікі ні тлумачылі. Прыкмета, дарэчы, характэрнай саветызаванасьці інтэлекту.

У нобэлеўскіх прамовах Алексіевіч паказала сябе як тыповы савецкі чалавек з тыповым інтэлігенцка-савецкім успрыняцьцем сьвету. (У СССР быў нават такі тэрмін “савецкая інтэлігенцыя”). Яе прамовы месцамі ёсьць класіка саветызаванага выяўленьня, плюс характэрнае для яе дэкадэнцкае (упадніцкае) успрыняцьце сьвету і бачаньне яго ў чорных танах.

Усё гэта было вядома раней. Алексіевіч сама сябе называла савецкім чалавекам, які няведае хто ён, бо нарадзілася на Украіне, жыве ў Беларусі, а любіць Расею. (Дарэчы, зноў жа класічны тэст на «саўка». Лукашэнка таксама ня ведае хто ён, бо, як ён кажа, нарадзіўся блізка ад расейскай мяжы і г.д. – глядзець цытатнік У. Падгола).

З усіх беларускіх інтэлігентаў, да якіх інфантыльна прыставалі журналісты (“што чакаеце ад яе?..” і г.д.) толькі адзін спадар Алег Трусаў адказаў дакладна: “Нічога добрага ад яе не чакаю”.

Пакіньце іх у спакоі, спадары, — і Алексіевіч, і Лукашэнку. Ня будуць яны ніколі любіць беларускі народ, беларускую мову і беларускую культуру, бо яны ня ведаюць што гэта такое. Яно ўсё ім чужое і нават ненавіснае. Яны вырасьлі ў савецкіх запаведніках, пачынаючы ад сям’і, школы, савецкіх настаўнікаў, савецкай ідэалогіі і рэчаіснасьці.

Самае рэальнае, чаго ад іх можна патрабаваць, гэта каб не зьневажалі беларускі народ, яго мову, гісторыю і змаганьне за волю. Лукашэнка тут безнадзейны, ён мае ўладу для рэалізацыі сваёй нянавісьці, а ў Алексіевіч яшчэ ёсьць шанс і, дарэчы, нічога дрэннага ў адрас беларусаў з нобэлеўскіх выступаў і інтэрв’ю Алексіевіч цяпер ужо не прагучэла. Галоўнае, каб яна ня шкодзіла і гэта ўжо стала б дасягненьнем.

Нямецкая задумка тых лібэральна-палітычных колаў на Захадзе, што “штурхалі” нобэля для Алексіевіч, была вельмі злоснай і варожай для Беларусі. Але нобэлеўскі працэс зацягнуўся. А ў гэты час «друг» спадарыні Мэркэль і сябра Эўропы спадар Пуцін нечакана напаў на Украіну і пачаў пагражаць усім “англа-саксам”. Усё зьмяшалася ў нямецкай палітыцы, якая дыстансавалася ад Пуціна і “русского мира”. Усё перакулілася з ног на галаву І вось тут пад’ехаў “нобэль” для Сьвятланы Алексіевіч. А для Бэрліна, аказваецца, рускі “друг” ужо й ня “друг”. А «русский мир» увогуле вораг. Вось такі нечаканы паварот.

У выніку не зьявілася хвалы ні Крамлю, ні «русскому миру». Адпаведна, не было сустрэч набілянта ў Маскве, не было выступаў на маскоўскім тэлебачаньні, няма віватаваньняў, фразаў аб рускай кульуры, няма паездак па Расеі, абдымкаў Пуціна, ускліканьняў, што “Белоруссия” гэта Расея і г.д. Увесь сцэнар перавярнуўся. Усё паламалася. Замест “любви” адны пакасьці.

Вось так ”русский мир” і агрэсія Пуціна парадаксальным чынам збавілі беларусаў ад нобэлеўскага ганьбаваньня і ўсё пайшло па зусім іншым раскладзе. “Русский мир” пачаў ганьбаваць Алексіевіч, а беларусы адчынілі ёй абдымкі. Для яе (па яе прызнаньні) гэта было так нечакана. Вядома, адкуль жа ёй ведаць беларускі народ. Са школы не засвойвалася.

Для ілюстрацыі “веданьня” прывяду адзін скрайні прыклад. Усе старыя настаўнікі школы, дзе вучылася Алексіевіч, крайне адмоўна характарызавалі яе асобу, прытым у даволі ненавісных савецкіх танах і словах. Гэтыя людзі яшчэ і цяпер жывуць Леніным у шалашы плюс тупой тэлевізійнай прапагандай. Але ўсе (!) яны сказалі, што ў цэлым нобэль для дрэннай Алексіевіч гэта добра, бо гонар для Беларусі.

Вось тут якраз тое, пра што я не стамляюся паўтараць. Хворых людзей трэба лячыць, але свой народ трэба любіць нават тады, калі ён цябе ненавідзіць, бо іншага свайго народа няма.

20 сьнежня 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК

20/12/2015 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2015
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024