Сьнежаньскі Сойм 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
20 сьнежня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту.
Усё больш людзей у Беларусі трывожацца за заўтрашні дзень, разумеючы набліжэньне краху шалёнай прамаскоўскай эканамічнай палітыкі рэжыму. Многія адчуваюць, што набліжаецца час канчатковага падвядзеньня рахункаў за дзесяцігоддзі разбурэньня Беларусі рукамі ворага і ілюзорнай самазадаволенасьці пэўных грамадзян нашай краіны.
Беларусы бачаць, як на тэрыторыі дзяржавы атабарваюцца чужыя расейскія войскі і тэхніка. Ніхто не пытаўся ў грамадзтва, ці трэба нам гэта і навошта нас “абараняць” ад роднай нам эўрапейскай цывілізацыі і культуры. Беларусь робяць закладніцай імпэрыялістычнай палітыкі варожай нам Масквы, плацдармам для нашэсьця на сяброўскія нам суседнія краіны.
Спыніць гэтыя злачынныя працэсы можа толькі супраціў беларускага народу, які павінен дзейнічаць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі, дзе напісана, што грамадзяне абавязаны бараніць дзяржаву. Прыклад змаганьня за сваё, за роднае паказалі нам гераічныя ўкраінцы. У выніку ўкраінцаў падтрымліваюць іншыя народы, на баку змагарнай нацыі мільёны людзей ва ўсім сьвеце, палітыкі, вайсковыя спэцыялісты, бізнэсоўцы, творцы. Калі ня будзем бараніць Беларусь, то нас ня будуць шанаваць у сьвеце, ад нас адвернуцца, ніхто нават не заўважыць нашай няволі і пагібелі.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра пэсімістычныя настроі, што распаўсюджваюцца сярод людзей. Маўляў, як будзем жыць, калі абваляцца лукашызм і маскоўская імпэрыя? Што рабіць? Патрыёты тлумачаць землякам, што беларусы павінны ў цяжкі час дапамагаць адзін адному, гуртавацца вакол нацыянальнай ідэі, нашай культуры і мовы, не аддаваць чужынцам на паняверку ўсё тое, што роднае і сьвятое для нас.
Людзі не памыляюцца: адусюль прыходзяць зьвесткі пра рэзкае ўзмацненьне злачыннай русіфікацыі. Напрыклад, у шэрагу ВНУ негуманітарнага профілю адкрываюцца кафэдры расейскай мовы. Такога не было нават пры саветах. Працягваецца абалваньваньне русіфікацыяй дзяцей і моладзі. У выніку многія дзеці ўжо нават не разумеюць беларускую мову. Затое паўсюль ўбіваецца ў сілу рускі мат і ўсе іншыя прыкметы “таямнічай рускай душы”.
Наперадзе шмат працы пасьля развалу злачыннага антыбеларускага рэжыму. Будзем вяртацца да цывілізаванага існаваньня ў роднай культуры і мове, на сваёй зямлі, у сваёй беларускай дзяржаве.
Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 20 сьнежня 2015 г.