Андрэй Піянткоўскі: Францыя і Україна

12 снежня 2015 г.

Навіны

Прэзыдэнт Францыі заявіў, што Францыі абвешчана вайна. Такія словы патрабуюць сур’ёзнага працягу. Агрэсар вядомы. Гэта злачынная квазідзяржава ІДзІЛ, якая кантралюе пэўную тэрыторыю (часткі Сірыі і Ірака, якія фактычна разваліліся). Францыя і яе хаўрусьнікі па НАТО павінны прыняць выклік, які адкрыта кінуты ня толькі Францыі, але і ўсёй заходняй цывілізацыі, уварвацца на тэрыторыю ІдзІЛа, зьнішчыць ягоную інфраструктуру, ліквідаваць у ходзе ваенных дзеяньняў альбо захапіць і аддаць пад суд ягоных кіраўнікоў і іншых асобаў, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць чалавецтва.

Гэта цяжкае рашэньне. Абавязкава будуць страты вайскоўцаў, асабліва ў ходзе наземнай апэрацыі. Непазьбежна будзе “спадарожная шкода” (гібель цывільных жыхароў). Цалкам магчыма, што будуць новыя тэракты. Пасьля ліквідацыі ІдзІЛа праблема ісламскага тэрору ня зьнікне. Натхняльная ідэя фізычнага зьнішчэньня “заганнай бязбожнай” заходняй цывілізацыі будзе натхняць новых фанатыкаў. Усё гэта так.

Але калі не адказаць на выклік ІдзІЛа, Захад з усёй ягонай эканамічнай і ваеннай магутнасьцю проста перастане быць суб’ектам сусьветнай палітыкі ўжо сёньня, і лёс ягоны цяпер будуць вырашаць іншыя гульцы.

Цяпер пра пазыцыю пуцінскай Расеі. Не пачакаўшы дзеля прыстойнасьці нават некалькіх гадзін пасьля трагедыі, крамлёўская прапаганда з энтузіязмам паведаміла гораду і сьвету, як яна зьбіраецца яе выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Найбольш шчыра і разгорнута пра гэтыя планы паведаміў Сяргей Маркаў:

  1. Нужно срочно усилить безопасность в Москве.
  2. Россия, США, Франция вместе должны задавить ИГ в Сирии, в Ираке и в Ливии.
  3. Нужно срочно прекращать конфликт России и Запада из-за Украины. Хунту заменить техническим правительством, изменить Конституцию, убрать неонацистов, провести новые свободные выборы. Киевская хунта – это одно из главных препятствий для совместной борьбы США, ЕС и России против террористов.

Балазе, ужо заўтра на “вялікай дваццатцы” “найуплывовейшы чалавек сьвету” запрапануе Захаду сваю “дапамогу” у змаганьні з ІДзІЛам у рамках “антыгітлерскай кааліцыі”. І запатрабуе аплату – выдачу яму ліцэнзіі на братэрскае расчляненьне Украіны плюс гарантыі захаваньня “легітымнага” ката Асада пры ўладзе.

Вырашаць Захаду. Але мне здаецца, што гандль тут не да месца. Па-першае, дапамога гэтая Захаду не патрэбная. Ён дасьць рады з ІДзІЛам без усялякага Пуціна.

Па-другое, здача Украіны на літасьць суседа-агрэсара ня менш амаральная і згубчая для рэпутацыі Захада, чымсьці капітуляцыя перад ІДзІЛам.

І самае галоўнае: можна здаць Украіну, але Україна ніколі ня здасца. Можна спыніць канфлікт Расеі і Захада з прычыны Украіны. Але нельга будзе спыніць канфлікт Расеі і Украіны з прычыны Украіны. Там ёсьць народ, які паверыў у сябе. Україна будзе змагацца за сваю незалежнасьць, за сваю годнасьць, за сваю эўрапейскую будучыню. Україна змагалася са Сталіным да 1953 года. Пуцін так доўга не пратрымаецца.

Андрэй Піянткоўскі Пераклад з расейскай. Крыніца: http://gordonua.com/news/worldnews/Piontkovskiy-Franciya-i-ee-soyuzniki-po-NATO-dolzhny-prinyat-vyzov-i-vtorgnutsya-na-territoriyu-IGIL-106585.html