Польшча адкідвае абвінавачваньні Расеі ў справе помнікаў

12 снежня 2015 г.

Навіны

У аўторак Польшча адкінула накіраваныя супраць яе расейскія абвінавачваньні наконт парушэньня паразуменьняў з Расеяй з нагоды дэмантажу савецкіх помнікаў – пішуць расейскія СМІ, цытуючы польскую амбасадарку ў Расеі Катажыну Пелжыньску-Наленч.

Амбасадар Польшчы ў Расеі заявіла, што Польшча не парушыла міжнародныя абавязацельствы, у тым ліку і тыя, што вынікаюць з двухбаковых дамоваў з Расеяй, у выпадках дэмантажу савецкіх “сымвалічных помнікаў” у Польшчы.

“Мы мяркуем, што дамоўленасьць паміж Польшчай і Расеяй тычыцца могілак і месцаў пахаваньня” (расейскіх і савецкіх жаўнераў). Так званыя сымвалічныя помнікі, дзе ніхто не пахаваны, знаходзяцца ў кампэтэнцым мясцовых уладаў і ў адпаведнасьці з вызначанымі працэдурамі іх можна дэмантаваць” – сказала польская амбасадар, камэнтуючы заяву расейскага МЗС, якое ў панядзелак зрабіла Польшчы закід, што дэмантажом помнікаў савецкіх жаўнераў парушаюцца прынцыпы шэрагу двухбаковых дамоваў з Масквой.

Такія сымвалічныя помнікі не падлягаюць ахове паводле міжнародных дамоваў, у тым ліку двухбаковых паразуменьняў паміж Польшчай і Расеяй – зазначыла амбасадар Пелчыньска-Наленч.

Напярэдадні Міністэрства Замежных Справаў Расеі перадало ў рукі амбасадору Польшчы ў Маскве “рашучы пратэст” з нагоды дэмантажу ў Мельцы ў суботу Помніка Удзячнасьці Чырвонай Арміі. МЗС Расеі заявіла, што дэмантуючы манумэнт, польскі бок у чарговы раз сур’ёзна парушыў прынцыпы асноўных двухбаковых дакумантаў, у тым ліку міжнароднай дамовы 1994 года аб магілах і месцах памяці.

Помнік Удзячнасьці Чырвонай Арміі ў Мельцы ў падкарпацкім ваяводстве, які ёсьць копіяй помніка, усталяванага ў 50-я гады ва Усходнім Берліне, быў дэмантаваны раніцай у суботу.

Мялецкі стараста Збігнеў Тымула ў панядзелак на прэс-канфэрэнцыі патлумачыў, што помнік дэмантавалі ў адпаведнасьці з законам і працэдурамі, якія абавязваюць у нашай краіне. “Уся апэрацыя адбылася годна” – дадаў ён. Помнік патрапіў у Музэй ПНР у Рудзе Шлёнскай.

“Мы доўга дэбатавалі на тэму гэтага помніка. Пачалі з прыняцьця пастановы радай павета ў чэрвені сёлета. Пастанова аб пераносе помніка была прынята адзінагалосна. Потым мы забясьпечылі ўсе патрэбныя заканадаўчыя дакуманты, мэцэнаты таксама вельмі доўга займаліся гэтай тэмай” – сказаў Тымула.

Стараста дадаў, што перад канфэрэнцыяй ён размаўляў з генэральным консулам Расеі ў Польшчы, які хацеў даведацца, як выглядала ўся апэрацыя выдаленьня помніка. “Пасьля кароткай размовы ён зразумеў, што рашэньне, прынятае паветам, было слушным што тычыцца бясьпекі. Бо помнік стаяў толькі на бэтоне, ня быў ніякім іншым чынам забясьпечаны, а важыў каля 2 тон. Магла здарыцца трагедыя” – сказаў стараста.

Тымула зазначыў, што жыхары Мельца шмат разоў пікетавалі, патрабуючы пераносу помніка ў іншае месца. Пад пэтыцыяй ў гэтай справе было сабрана некалькі тысячаў подпісаў.

Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 1.12.2015 http://www.rp.pl/Polityka/151209952-Polska-odrzuca-oskarzenia-Rosji-ws-pomnikow.html