29 лістапада група сяброў і прыхільнікаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ накіравалася на Случчыну. Да іх далучыліся сябры Партыі з Баранавічаў, Слуцка і Клецка, а таксама мясцовыя жыхары. Патрыёты наведалі месцы, зьвязаныя з падзеямі Слуцкага Збройнага Чыну: Грозаў, Семежава і Вызну (цяпер Чырвоная Слабада), дзе адбываліся баі Беларускай народнай арміі супраць расейскіх агрэсараў у лістападазе-сьнежні 1920 года.
Удзельнікі мэмарыяльных мерапрыемстваў заслухалі зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ – “Слава слуцкім ваярам!” (публікуецца). Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі, і іншыя выступоўцы. Яны казалі пра неўмяручую памяць аб подзьвігу і самаахвярнасьці герояў Случчыны, якія не лічыліся з колькаснай перавагай ворага, узброенага да зубоў. Яны сталі на шляху ўсходніх варвараў пад сьвятым нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і прынялі няроўны бой.
Без подзьвіга случакоў 1920 года не было б аднаўленьня нашай дзяржаўнай незалежнасьці ў 1991 годзе. Змагарнае пакаленьне паказала і расейскай імпэрыі, і ўсяму сьвету, што беларуская нацыя ёсьць, ёсьць Беларуская дзяржава, культура і мова. Ворагі вымушаны былі прызнаць гэта і пайсьці на стварэньне намінальнай дзяржавы БССР, потым даць ёй месца ў ААН. А ў 1991 годзе Беларускі Народны Фронт угрунтаваў адноўленую незалежнасьць на вялікай традыцыі БНР і народнага вызвольнага змаганьня. Гэта ёсьць лекцыя для нас – кожнае пакаленьне мае абавязак бараніць сябе і сваіх дзяцей, сваю дзяржаву, культуру і маёмасьць. Гісторыя паўтараецца і цяпер зноў над Беларусьсю навісла пагроза чарговага маскоўскага патопу. Але вораг павінен ведаць, што наш народ будзе ваяваць за сваю свабоду і агрэсары знойдуць сваю магілу ў нашых лясах і балотах. Завяршыліся мерапрыемствы шэсьцем праз цэнтар Слуцка і мітынгам каля будынку мясцовага Краязнаўчага музэю, дзе ў 1920 г. адбыўся Зьезд дэлегатаў Случчыны.
Выступоўцы нагадалі, што случакі ў 1920 годзе баранілі ня толькі Беларусь, але і ўсю эўрапейскую цывілізацыю ад маскоўска-бальшавіцкага пагрому. Гэта была чарговая старонка з шэрагу стагоддзяў беларускай абароны Эўропы ад крамлёўскіх ардынцаў. Наш народ не павінен забыцца, што тварыў і творыць расейскі акупант, калі ён захоплівае чужую зямлю.
Учора людзі прыгадалі ўгодкі зьнішчэньня расейскімі вандаламі прыўкраснага помніка архітэктуры беларускай готыкі – Фары Вітаўта ў Горадні, якую акупанты ўзарвалі ў 1961 годзе (у разгар хрушчоўскай “адлігі”). Яны прыходзяць толькі для таго, каб забіваць і нішчыць. Больш беларусы не дапусьцяць гэтага. Мы пераможам імпэрыю зла, наш народ будзе шчасьліва жыць у сваёй вольнай дзяржаве.
Каля крыжоў, усталяваных фронтаўцамі ў мінулыя гады, людзі ўсклалі кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічкі. Людзі сьпявалі гімн “Магутны Божа”, ваярскія песьні, гукалі “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 29 лістапада 2015 г.