Назіраньні за дзеяньнямі кароннага Папа-Гапона дазваляюць зрабіць пэўныя высновы. Рэжысёры спэктакля “Статкевіч і кампанія” абралі стылістыку, блізкую да гандзізма, але ў незвычайна вясёлай і аптымістычнай трактоўцы. За індзійскім гуру, як памятаем, ішлі мільёны людзей, то было драматычнае, сапраўднае народнае змаганьне. А за ягоным правінцыйным рымэйкам ужо каторы раз цягнецца невялічкая купка “адэптаў”. Ён нават вымушаны ў сваіх інтэрв’ю тлумачыцца, што, маўляў, “траціна сышла падчас шэсьця, бо баяліся”. А чаго ж баяцца, калі ваш Гапон з вамі?! Як толькі ён зьявіўся, так адразу (цытуем Гапона) “ўлада напалохалася, і напалохалася чамусьці больш за ўсіх МУС, якое агарадзіла свой будынак сеткай”. Нават Гандзі далёка да такой здольнасьці страху наганяць.

У каторы раз ужо Статкевіч праводзіць гэтае шоў, сьвеціцца сваёй фальшывай усьмешкай, выдае фантан пафасных і траскучых фраз, а беларусы ўсё не далучаюцца да ягонага вырабленага “аптымізму”. Неяк ня хочацца беларусам палохаць улады і МУС разам з зарэкамэндаваным Гапонам. Людзі ўсё памятаюць і ня вераць падсадной і кіруемай асобе. У многіх яна выклікае толькі сьмех і адчуваньне недарэчнасьці.

Апошнім разам “народны лідэр” заняўся пасіянарнай міфалогіяй. Ён заявіў радыё Свабода, што ягонае “шэсьце” сабралася, каб “ушанаваць тых, хто змагаўся за нашу свабоду”. Гэта ён так пра генэрала МУС Захаранку і віцэ-прэм’ера Ганчара. Людзі, аднак, памятаюць справы і словы гэтых публічных асобаў. Абодва яны зрабілі яркія кар’еры пры раньнім лукашызме. В. Ганчар быў у складзе групы “маладых ваўкоў”, якая прывяла Лукашэнку да ўлады. На загад міністра МУС Захаранкі паліцэйшчына зьбівала беларусаў, якія сьвяткавалі Дзень Волі пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. І вось цяпер нам прапануецца пакланяцца гэтым фігурам, як сьвятым. Трэба прызнаць, што ў адрозьненьні ад носьбітаў ардынскага мэнталітэту, беларусы ня здольныя на такое пакланеньне хімерам.

Што яшчэ новенькага прыдумаюць закулісныя рэжысёры правальнага шоў аднаго “акцёра”? Сяргей Камароўскі