У “дэмСМІ” зьявілася новая тэндэнцыя – паведамляюць пра “рэформы”. Слова гэтае вельмі ёмістае і грунтоўнае. Можа антыбеларускі рэжым пачаў рэфармавацца? Можа зажывем урэшце? Ажно не, гэта яны так пра даўно знаёмых псэўдадзеячыкаў падстаўной псэўдаапазыцыі.
“Рух салідарнасьці “Разам” распачаў рэформы са зьмены кіраўніцтва” – з такім тытулам 12 лістапада РС паведаміла пра сход у менскай сядзібе Парты псэўда-БНФ звонкай і пустой групкі пад кіраўніцтвам В. Сіўчыка. Пачнем аналіз зьявы з заяўленай “зьмены кіраўніцтва”. Аказалася, што і тут яны не маглі абысьціся без фальшыўкі. Ніхто “лідэра” не памяняў і не зьбіраўся гэта рабіць. Сіўчык будзе на сваёй пасадзе. Проста цяпер у яго будзе сваё “палітбюро” з пяці ягоных “салідарнікаў”.
РС паказала на фотаздымках і “лідэра”, і “арганізацыю”, і “палітбюро”. Сюжэты незабыўныя. Вы толькі паглядзце на “прэзыдыюм”, вось гэта фізіяноміі! Ды гэта ж сапраўдны баявы авангард нашага грамадзтва. Што праўда, блізка лепш не падыходзіць. Сярод сіўчыкавай масоўкі можна ўбачыць некалькі асобаў, якія зарабляюць на жыцьцё палітклоўнствам. Але збольшага гэта ўсё зусім незнаёмыя твары.
У той жа дзень ня менш звонкая і пустая групка пад абрэвіятурай БХД таксама пачала “рэфармавацца” і зьбіраецца засноўваць нейкую ХДР. Вось цяпер паспрабуй разабрацца! Фальшывыя “хадэкі” множацца, як інфузорыі. Лідэрам “аргкамітэта ХДР” стала В. Кавалькова (пайшла мода на пасіянарных мадам). Але гэтая публіка выступіла больш адкрыта (хаця можа і ляпнула лішняга). Цытуем тэкст РС пра іхнія матывацыі:
“Стваральнікі «Хрысціянска-дэмакратычнага руху» разьлічваюць афіцыйна зарэгістраваць сваю арганізацыю. Яны спадзяюцца выкарыстаць сёньняшні палітычны момант, калі Эўразьвяз даў беларускім уладам чатыры месяцы выпрабавальнага тэрміну”.
Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/27361997.html
Вось яно ў чым справа! Пасьпець на распіл грантаў трэба, пакуль не сьпяклася чарговая акупанцкая “адліга”. За чатыры месяцы тут такога наварочаць можна, што сабака не пераскочыць. Вось яны і ўзяліся “выкарыстоўваць сёньняшні палітмомант”.
Калі бачыш такое, то не пакідае ўражаньне, што мэтай маналогаў, групавых і індывідуальных фотаздымкаў зьяўляецца непрыкрытая дыскрыдытацыя a priori гэтай падстаўной публікі. Каб у грамадзтва, у нашай моладзі склалася ўяўленьне, што вось такая і ёсьць адзіная апазыц-альтэрнатыва рэжыму. А тыя і радыя старацца, з імпэтам спаборнічаюць у дэманстрацыйным фальшы з лукашызмам.
Алесь Хадасевіч