Дзень Лачплэсіса – сьвята вайсковай славы Латвіі

16 ноября 2015 г.

Навіны

Прамова Прэзыдэнта Латвіі Раймонда Вэяніса на вайсковым парадзе ў Рызе, каля Помніка Волі

11 лістапада – гэта сьвята. Гэта сьвята, калі мы ўшаноўваем латышскіх ваяроў, што ў Вызвольным змаганьні абаранілі новаствораную Латышскую дзяржаву. У гэтым сьвяце наш гонар за сьмеласьць і мужнасьць абаронцаў нашай дзяржавы. Гэта ёсьць дзень, калі мы, бачачы ў вачах кожнага ваяра сапраўдную рашучасьць бараніць сваю дзяржаву, знаходзім душэўны спакой і адчуваем натхненьне.

Час пасьля Першай сусьветнай вайны прынёс у Эўропу новы подых. Краіны, якія на працягу доўгіх стагоддзяў імкнуліся да волі, сталіся незалежнымі. У 1918 годзе нарадзілася таксама Латышская дзяржава, але зь яе ўзьнікненьнем вайна, на жаль, ня скончылася. На толькі што заснаваную дзяржаву напалі як з усходу, так і з захаду, і свабода Латвіі была зусім крохкая.

Сёньня мы можам ганарыцца тым, што ў Латвіі былі сьмелыя мужчыны, гатовыя ўстаць і загінуць за незалежную і вольную Латышскую дзяржаву. Яны былі гатовыя са зброяй у руках ваяваць за сваю дзяржаву!

Сярод іх былі нават 14-20-гадовыя падлеткі і юнакі з Валміеры і Цэсіса, якіх мы памятаем як сьмелую роту школьнікаў з Цэсіса і якія для многіх могуць служыць асновай нацыянальнай самасьвядомасьці.

Гэтыя ваяры змагаліся, ня просячы за гэта аплаты, але – як і латышскія стралкі сто гадоў таму – яны хацелі стацца абаронцамі сваёй радзімы.

Таму я з падзякай згадваю ўдзельнікаў змаганьня за волю, асабліва палкоўнікаў Оскара Калпакса і Ёргіса Зэмітанса, генэралаў Яна Балодса і Пэтэра Радзіньша, якія, ўсьведамляючы няроўнасьць сілаў і ў той жа час верачы ў сваю зямлю, прывялі войскі Латвіі да перамогі. Дзякуй за іхні неад’емны і неацанімы асабісты ўнёсак у тое, каб мы сёньня маглі сьвяткаваць дзень Лачплэсіса!

Сёньня мы жывем у вольнай дзяржаве. У свой час мы заваявалі сваю волю ў баях, аднак дзяржаўная незалежнасьць – гэта не само сабой зразумелае і гарантаванае назаўжды. Нават калі цяпер ніводная ваенная сіла не пагражае нашай незалежнасьці наўпрост, мы павінны быць гатовыя і здольныя разам з сваім хаўрусьнікамі абараніць сябе і нашу дзяржаву.

Мы павінны быць моцнымі і мудрымі; мы павінны быць поўныя рашучасьці для супрацоўніцтва, бо мы належым да сям’і дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу і НАТО.

Я ўпэўнены, што наша армія і кожны жаўнер самаахвярныя, сьмелыя і прафэсійныя, — на іх можна спалягаць.

Ваяр, які любіць сваю зямлю, гатовы ісьці за яе на бой. Мы ганарымся сваёй дзяржавай, кожны з нас гатовы штодня рабіць усё, каб у нашай дзяржаве панаваў дабрабыт, каб мы пачуваліся тут у бясьпецы і каб, калі імя Латвіі прагучыць у сьвеце, іншыя пачулі яго ў захапленьні.

Будзем ганарыцца сваёй дзяржавай, за якую нашыя продкі заплацілі так дорага.

Ганарымся Латвіяй, якую столькі разоў у нас спрабавалі забраць!

Я ганаруся нашымі ваярамі і Латвійскай арміяй!

Божа, сьвяці Латвію!

Пераклаў з латышскай В. Буйвал. Крыніца: латвійская газэта “Diena”, 11.11.2015 http://www.diena.lv/latvija/viedokli/prezidents-lacplesa-diena-busim-lepni-par-valsti-kas-musu-senciem-maksajusi-tik-dargi-14118828