97 гадоў таму Польшча аднавіла незалежнасьць

16 ноября 2015 г.

Навіны

11 лістапада 1918 г. Рэгэнцыйная Рада перадала Юзэфу Пілсудскаму вайсковую ўладу і вярхоўнае камандваньне над падпарадкаванымі ёй польскімі войскамі. У той самы дзень немцы падпісалі пагадненьне аб спыненьні агню, якім была завершана І сусьветная вайна. Пасьля больш за 120 гадоў Польшча аднаўляла незалежнасьць.

На пераломе кастрычніка і лістапада 1918 г. з прычыны распада аўстра-вугорскай манархіі і набліжэньня паразы Нямеччыны палякі ўсё больш выразна адчувалі, што адбудова незалежнай польскай дзяржавы блізкая.

Міжнародная сітуацыя была для Польшчы выключна спрыяльная. Чатыры гады таму ў момант выбуха І сусьветнай вайны палякі маглі толькі марыць аб тым, што ў момант яе заканчэньня ўсё тры акупацыйныя дзяржавы будуць уласна бязмоцнымі. У выніку вайны, якая працягвалася 52 месяцы, агулам загінулі або памерлі ад ран каля 9,5 мільёнаў жаўнераў (ацэнкі вагаюцца ад 8,4 да 11,8 мільёнаў): каля 20 мільёнаў былі паранены. Сярод палеглых і зьніклых бязь вестак было каля 500 тысячаў палякаў, жаўнераў розных акупацыйных армій.

Шанс, які дала ім гісторыя, палякі не змарнавалі і актыўна прыступілі да перайманьня ўлады на польскіх землях, акупаваных цэнтральнымі дзяржавамі.

У Цешыне ўжо з 19 кастрычніка 1918 г. дзейнічала і выконвала ўрадавыя функцыі Нацыянальная Рада Цешынскага Княства пад старшынствам ксяндза Юзэфа Ландзіна.

28 кастрычніка 1918 г. у Кракаве польскія дэпутаты аўстрыйскага парляманту ўтварылі Польскую Ліквідацыйную Камісію, якая праз два дні пераняла ўладу ў Галіцыі. На яе чале стаў Вінцэнты Вітас, лідэр Польскай Сялянскай Партыі “Пяст”.

31 кастрычніка было распачатае перайманьне ўлады ў акупаванай Аўстра-Вугоршчынай частцы Каралеўства. Уноч з 6 на 7 лістапада ў занятым на некалькі дзён раней Любліне быў утвораны Часовы Народны Урад Польскай Рэспублікі, прэм’ерам якога стаў Ігнацы Дашыньскі, лідэр галіцыйскіх сацыялістаў.

У Варшаве з верасьня 1917 г. дзейнічала ўтвораная Нямеччынай і Аўстра-Вугоршчынай Рэгэнцыйная Рада. Яе членамі былі князь Зьдзіслаў Любамірскі, арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі і граф Юзэф Астроўскі. У сьнежні 1917 г. Рэгэнцыйная Рада ўтварыла кабінэт міністраў, на чале якога стаў Ян Кухажэўскі.

На пачатку лістапада 1918 г. рэгэнты разумелі, што іхняя палітычная роля заканчваецца і імкнуліся ўтварыць урад, які меў бы шырокую грамадзкую падтрымку і якому яны маглі аддаць уладу з перакананьнем, што ён у максімальна блізкім часе правядзе выбары ў Сэйм.

Палітычную сітуацыю вырашальным чынам зьмяніла прыбыцьцё 10 лістапада 1918 г. спэцыяльным цягніком з Берліна Юзэфа Пілсудскага, звольненага з магдэбургскай крэпасьці. На галоўным вакзале яго павітаў сярод іншых князь Зьдзіслаў Любамірскі, які прадстаўляў Рэгэнцкую Раду.

Адразу ж пасьля прыбыцьця ў Варшаву Пілсудскі правёў перамовы з членамі Рэгэнцыйнай Рады. У выніку перамоваў ён адмовіўся ад запланаванагу выезду ў Люблін, дзе ўжо на працягу трох дзён на вызваленых тэрыторыях дзейнічаў Часовы Урад Польскай Рэспублікі начале з Ігнацыем Дашыньскім. Урад гэты, зрэшты, пасьля атрыманьня паведамленьня аб ягоным вяртаньні з Магдэбурга перайшоў у распараджэньне Пілсудскага.

На рашэньне Пілсудскага застацца ў сталіцы паўплываў, безумоўна, факт, што ў день ягонага прыбыцьця ў Варшаву нямецкая акупацыя ўжо раскладалася, і пэрспэктыва ўтварэньня Нацыянальнага Ураду ў сталіцы ўяўлялася вельмі блізкай.

Генэральны губэрнатар ген. Ганс фон Бэзэлер таемна пакінуў горад, а Польская Вайсковая Арганізацыя разам з жаўнерамі Польскай Узброенай Моцы, якая была падпарадквана Рэгэнцыйнай Радзе, прыступілі да раззбройваньня нямецкіх аддзелаў, разьмешчаных у Варшаве. У цэлым акцыя раззбройваньня праходзіла бяз бою, хаця здараліся таксама напружаныя сутыкненьні. Да лютых баёў дайшло між іншым пры захопе Ратушы і Цытадэлі.

Прыезд Пілсудскага ў Варшаву выклікаў усеагульны энтузіязм сярод жыхароў і толькі на адзін дзень апярэдзіў паведамленьне аб тым, што ў ваколіцах Камп’еня дэлегацыя нямецкага ўраду падпісала пагадненьне аб спыненьні агню, якое завяршыла баявыя дзеяньні І сусьветнай вайны.

У тыя дні палякі ўсьвядомілі, што пасьля гадоў няволі яны аднавілі незалежнасьць. Атмасфэру гэтага выключнага моманту так апісаў Янджэй Марачэўскі: “Немагчыма перадаць таго захапленьня, таго шаленства радасьці, якія ахапілі ў той момант польскае насельніцтва. Праз 120 гадоў ляснулі межы. Няма +іх+. Свабода! Незалежнасьць! Узьяднаньне! Назаўжды! Хаос? Гэта нічога. Будзе добра. Усё будзе, бо мы вызваліліся ад піявак, злодзеяў, рабаўнікоў, ад шапкі з набалдашнікам, мы будзем самы сабой кіраваць. (…) Хто не жыў у тыя кароткія дні, хто не шалеў ад радасьці ў той час разам з усім народам, той ня зьведае вышэйшай радасьці ў сваім жыцьці”. (J. Moraczewski “Przewrót w Polsce”).

11 лістапада 1918 г. Рэгэнцыйная Рада “у сувязі з пагрозай унутранай і зьнешняй небясьпекі, дзеля ўпарадкаваньня ўсіх вайсковых справаў і падтрыманьня парадку ў краіне” перадала вайсковую ўладу і вярхоўнае камандваньне наl польскімі войскамі, якія падлягаюць ёй, брыгадзіру Юзэфу Пілсудскаму.

Праз тры дні Рэгэнцыйная Рада распусьцілася, паведамляючы, што “з гэтага моманту нашы абавязкі і адказнасьць перад польскім народам у Твае рукі, Пан Вярхоўны Камандуючы, уручаем для перадачы Нацыянальнаму Ураду”.

Пілсудскі, маючы ўсеагульную грамадзкую падтрымку, вырашыў прыняць уладу ад рэгэнтаў, пакрэсьліваючы такім чынам яе насьлядоўнасьць і легальны характар. Ня ўсе былі задаволены гэтай працэдурай, зьвяртаючы ўвагу на тое, што Пілсудскі не павінен быць насьлядоўнікам інстытуцыі, утворанай акупантамі.

Люблінскі ўрад распусьціўся, Рэгэнцыйная Рада пайшла ў адстаўку, а Польская Ліквідацыйная Камісія прыняла існуючую сітуацыю. 13 лістапада менавіта кіраўніку распушчанага люблінскага ўрада Ігнацыю Дашыньскаму Пілсудскі даручыў місію ўтварэньня новага кабінэта. Аднак гэта скончылася няўдачна, перш за ўсё з прычыны супраціву з боку правых арганізацый, асабліва Нацыянальнай Дэмакратыі.

Урэшце 18 лістапада першы афіцыйны ўрад незалежнай Польшчы ўтварыў іншы сацыяліст Марачэўскі, які не выклікаў такіх вялікіх апасеньняў з боку правых, як Дашыньскі.

Праз чарыты дні, 22 лістапада 1918 г. новы ўрад выпрацаваў, а Пілсудскі зацьвердзіў “Дэкрэт аб найвышэйшай прадстаўнічай уладзе Польскай Рэспублікі”. Паводле гэтага дэкрэту, які быў ў пэўным сэнсе асноўным законам, Пілсудскі прымаў на сябе як Часовы Кіраўнік Дзяржавы “Найвышэйшую Уладу Польскай Рэспублікі” і павінен быў выконваць яе да часу скліканьня Заканадаўчага Сэйма.

Дэкрэт ад 28 лістапада 1918 г. выбары ў Сэйм былі вызначаны на 26 студзеня 1919 г.

Лістапад 1918 г. быў толькі пачаткам разбудовы незалежнай Польшчы і пачаткам вайны за яе межы. 29 лістапада 1918 г. Пілсудскі, зьвяртаючыся ў Бэльвэдэры да групы бліжэйшых супрацоўнікаў, так казаў пра адноўленую незалежнасьць: “Гэта ёсьць найвялікшая, найвелічная перамена, якая можа настаць у жыцьці народа. Перамена, у выніку якой трэба забыцца аб мінулым; трэба перакрэсьліць вялікім крыжам старыя рахункі (…) А мы маем мала часу і мы толькі супольным намаганьнем можам вырашыць, на якой прасторы, у якіх межах мы забясьпечым нашу свабоду і як моцна станем на нагах, пакуль вернуцца ў сілу і ў поўны голас суседзі на ўсходзе і захадзе” (MiedziЕ„ski „Wspomnienia”, „Zeszyty Historyczne”, z. 37, ParyЕј 1976).

У міжваенны пэрыяд адбываліся вострыя спрэчкі аб тым, якую з падзеяў восені 1918 г. трэба прызнаць сымвалічным момантам аднаўленьня незалежнасьці Польшчай.

З пункту гледжаньня пілсудчыкаў найважнейшай падзеяй было прыбыцьцё Пілсудскага 10 лістапада ў Варшаву з магдэбургскай крэпасьці. У сваю чаргу левыя настойвалі на значэньні ўтворанага ў Любліне ўраду Дашыньскага.

Урэшце Сэйм РП ў 1937 г. вызначыў, што Сьвята Незалежнасьці будзе адзначацца 11 лістапада “як угодкі аднаўленьня польскім народам незалежнага дзяржаўнага існаваньня і як дзень, назаўжды зьвязаны з вялікім імем Юзэфа Пілсудскага, пераможнага правадыра народа ў баях за свабоду айчыны”.

У 1939-1944 гадах афіцыйнае альбо публічнае адзначэньне Сьвята Незалежнасьці было немагчымым. У 1945 годзе камуністычныя ўлады зрабілі дзяржаўным сьвятам дзень 22 ліпеня. У пэрыяд ПНР Сьвята Незалежнасьці было забаронена. За любыя спробы арганізацыі сьвяткаваньняў 11 лістапада пагражалі суровыя рэпрэсіі з боку ўладаў.

Сьвята Незалежнасьці было вернута пастановай Сэйму, абранага ў чэрвені 1989 г.

Магдалена Кавальчык Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 11.11.2015 http://www4.rp.pl/11-listopada/311119995-97-lat-temu-Polska-odzyskala-niepodleglosc.html