Дзяды. Шэсьце і мэмарыяльны мітынг у Лошыцы

12 ноября 2015 г.

Навіны

8 лістапада на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ людзі сабраліся на ўскраіне Менску, каб працягнуць мэмарыяльныя мерапрыемствы ў памяць Дзядоў. Нягледзячы на сьцюжу і дождж беларусы пайшлі шэсьцем пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, гукаючы покліч “Жыве Беларусь!”. Каля вялікага Крыжа ў памяць ахвяраў расейскай акупацыі быў праведзены мэмарыяльны мітынг. Грамада заслухала зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП-БНФ (публікуецца).

Выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі. Для тых з моладзі, якія ўпершыню былі ў гэтым месцы, ён расказаў пра трагічныя падзеі ў Лошыцкім яры. Выступоўца падкрэсьліў, што лепшых людзей Беларусі забівалі акупанты нашай зямлі. Гэтыя акупанты не пакаяліся і ніколі не пакаяцца, такая ў іх традыцыя. Яны ня здольныя на гэта. Памятаць пра нашыя ахвяры ёсьць нашым абавязкам. І мы будзем перадаваць гэтую памяць нашым нашчадкам.

У наш час мы жывем пад акупацыяй той жа варварскай маскоўскай імпэрыі, якая цяпер выкарыстоўвае мясцовы васальны рэжым. На жаль, ёсьць у нас людзі, якія яшчэ не разумеюць гэтага сутнаснага моманту і задаюць пытаньні: “І чаму так усё робіцца ў нашай краіне?” А трэба разумець, што разбураць беларускае нацыянальнае школьніцтва, нашую культуру, прыніжаць і нішчыць мову, душыць беларускі бізнэс – усё гэта можа рабіць толькі акупацыйны, варожы і чужы беларусам рэжым. Калі зразумееш гэта, то ўсё становіцца на свае месцы, і наіўныя пытаньні адпадаюць самы сабой. Тады пачынаеш задумвацца над тым, як вызваліцца ад акупанцтва і вярнуцца да нармальнага чалавечага, культурнага, нацыянальнага, дзяржаўнага жыцьця – да жыцьця, якім жывуць нашы цывілізаваныя суседзі, эўрапейскія народы.

Наша задача – зьдзейсьніць мару папярэдніх беларускіх пакаленьняў, нашых Дзядоў: адрадзіць вольную Бацькаўшчыну, згуртавацца вакол нацыянальных каштоўнасьцяў, роднай культуры і мовы і забясьпечыць сьветлую будучыню нашым дзецям і ўнукам. Выбару няма – або пагібель у маскоўскай імпэрыі, або вяртаньне да свайго, роднага. Гэтаму вучыць нас уся нашая даўняя і найноўшая гісторыя.

Людзі засьпявалі беларускі гімн “Магутны Божа”, усклалі да Крыжа кветкі, запалілі зьнічкі.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 лістапада 2015 г.