Імпрэзы Таварыства беларускай культуры ў Летуве

12 ноября 2015 г.

Навіны

На Еўфрасіньеўскіх могілках Вільні адкрылі адноўлены помнік Аляксею Арсеньеву

7 лістапада намаганнямі Таварыства беларускай культуры ў Летуве адбылося адкрыццё адноўленага помніка на магіле Аляксея Арсеньева – бацькі найвыдатнейшай беларускай паэткі Наталлі Арсеньевай. Аўтар і фундатар адноўленай шыльды на помніку – Аляксандр Панцялей.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Зянон Пазьняк (яму і Аляксандру Панцялею быў даручаны гонар адкрыць помнік), а. Леванід Акаловіч, які асвяціў помнік, вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін, гісторык, археолаг Генадзь Семянчук і інш.

Прамоўцы спыніліся не толькі на значнасці асобы Наталлі Арсеньевай для беларускай культуры, але і адкрылі для многіх і самаго Арсеньева, расейскага чыноўніка V рангу, начальніка Віленскай мытнай акругі, сапраўднага грамадзянскага дарадніка. І па словах З. Пазьняка, беларускасць Наталля атрымала менавіта ад свайго бацькі, які быў беларусам. І як падцверджанне – менавіта бацькі аддалі Арсеньеву ў беларускую гімназію, нягледзячы на тое, што ў Вільні было шмат іншых школ розных нацыянальнасцей.

Айцец Леванід Акаловіч распавёў пра свае пошукі радаслоўнай Арсеньевых. Яму ўдалося знайсці партрэт Аляксея Арсеньева і іншыя цікавыя дакументы зь яго біяграфіі.

Такім чынам яшчэ на адзін беларускі знак стала на Еўфрасіньеўскіх могілках і ў Вільні. Памятаючы мінулае, шануючы тых, хто яго ствараў зможам адрадзіць Беларусь і захаваць для будучых пакаленняў.

Сустрэча з Зянонам Пазьняком

7 лістапада ў Вільні прайшла сустрэча з Зянонам Пазьняком, арганізаваная Таварыствам Беларускай Культуры ў Летуве, якая адбывалася ў Доме нацыянальных меншасцяў. Заля была поўная. Гэта сабраліся ў асноўным беларусы, што прыехалі зь Менска. Былі таксама зь Беластоку і Вільні.

У часе мерапрыемства спадар Зянон прадставіў свае кнігі, выдадзеныя ім цягам апошніх гадоў. Жадаючыя атрымалі ад аўтара аўтографы. Аўтар прэзэнтаваў таксама сваю новую працу – факсімільнае выданьне 1-й часткі кнігі Аўгена Калубовіча «Мова ў гісторыі Беларускага пісьменства» (Мюнхен, Лёндан, 1974 г.).

У сваёй прамове сп. З. Пазьняк закрануў тэму сучасных падзей, якія адбываюцца і ў Беларусі і сьвеце. Асаблівую занепакоенасць выклікае агрэсія Расеі. Але выказаў надзею на адраджэнне Беларусі, якую будзе будаваць новае маладое пакаленне.

На сустрэчы прысутнічаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі – Станіслаў Шушкевіч. На прыканцы мерапрыемства госці і ўдзельнікі пазнаёміліся зь беларускімі хлопцамі, якія зараз змагаюцца за вольнасць Украіны і Беларусі.

ТБК інф.