Каля 30 000 чалавек, збольшага маладых, выйшлі ў сераду на вуліцу, працягваючы пратэставаць другі дзень запар, нягледзячы на адстаўку прэм’ер-міністра Віктара Понты пасьля забойчага пажару на дыскатэцы ў Бухарэсьце.
У сталіцы больш за 20 000 чалавек, паводле жандармаў, сабраліся на Унівэрсітэцкай плошчы, галоўным цэнтры паўстаньня супраць дыктатара Чаўшэску ў сьнежні 1989 г. Каля 10 000 чалавек таксама маніфэставалі ў дзесятцы вялікіх гарадоў, сярод іншых у Цімішаары, Клужы, Ясах.
Маніфэстанты, некаторыя зь якіх уздымалі румынскі трыкалёр, скандавалі ў Бухарэсьце: “Далоў мафійную сістэму!” і таксама “Румынія, абудзіся!” Пратэстоўцы абвінавачвалі ўлады ў “некампэтэнтнасьці” і “карупцыі”. Яны патрабавалі стварэньня тэхнакратычнага ўраду і заяўлялі, што ня маюць даверу “ні да воднай” з палітычных партый. Частка дэманстрантаў урэшце пайшла ў бок Парляманту, патрабуючы ад абраньнікаў “ісьці прэч”.
“Зрыў ”
Для кансэрватыўнага прэзыдэнта Клаўса Ёганэса “гэтая трагедыя закранула найбольш адчувальны нэрв нацыі”, ператвараючы абурэньне румынаў у “сапраўдны зрыў”. “Трэба было, каб памерлі людзі для таго, каб урад падаў у адстаўку”, — з жалем выказаўся ён, мяркуючы, што адказныя палітыкі “зразумелі надта позна, што яны ня могуць ігнараваць волю народа”, які чакае дзеяньняў “паводле здаровага сэнсу” і выкананьня законаў.
Пад ціскам на працягу апошніх месяцаў у сувязі з непрыемнасьцямі, якія ўзьніклі з боку юстыцыі, сп. Понта заявіў пра сваю адстаўку ў сераду, прызнаючы, што “абурэньне грамадзтва апраўданае”.
Увечары ў аўторак больш за 20 000 чалавек ужо дэманстравалі ў сталіцы і многіх іншых гарадах, патрабуючы адстаўкі кіраўніка ўраду і міністра ўнутраных справаў Габрыэля Апрэа, якіх палічылі ненаўпрост адказнымі за сьмерць 32 чалаек у пажары на дыскатэцы 31 кастрычніка.
Паводле сьведкаў і пракурораў, левыя спрыялі вялікай колькасьці недахопаў у тэхніцы бясьпекі ў месцах, на якія мясцовыя ўлады заплюшчылі былі вочы.
Le Monde.fr i AFP Пераклаў з французкай В. Буйвал. Крыніца: французкая газэта “Le Monde”, 5.11.2015