Гапончык: “Хачу адваёўваць вуліцу, як гэта робіць Статкевіч”

12 ноября 2015 г.

Навіны

А мы думалі, што ніколі ўжо ня ўбачым у сталіцы непаўторную сытую фізіяномію колішняга “галоўнага галадоўшчыка” РБ. Але з правінцыі яго зноў занесла ў Менск.

П. Вінаградаў – гэта песьня нашых часоў. Але 3 лістапада ў інтэрв’ю Радыё Свабода ён прамаўляў прозай. Цытуем:

«Я пакуль яшчэ не з усімі пагаварыў, з кім хацеў. Але я хацеў бы працягнуць адваёўваць вуліцу. І зраблю ўсё, што залежыць ад мяне, каб гэта працягнулася. Калі я кажу пра адваяваньне вуліцы, то маю на ўвазе прыкладна тое, пра што цяпер гаворыць Мікола Статкевіч. Трэба вярнуць права людзей на вулічныя пратэсты. У нас яны ўжо практычна заглухлі. А вулічныя пратэсты — гэта самае галоўнае. Даць рады ў барацьбе з дыктатурай можа толькі вуліца, а не інтэрнэт і ня сьмешныя карцінкі, якія там распаўсюджваюцца».

Што ж, дзякуй за шчырасьць даўно раскрытаму беларусафобу і правакатару Вінаградаву. Пачытайце ў Сеціве ягоныя “крылатыя фразы”, каб асьвяжыць памяць пра гэтага пэрсанажа і ягоныя “ідэі”. Ён спатрэбіўся зноў. Ён хоча “рабіць, як Статкевіч”. Попік-Гапончык не адстае ад Папа-Гапона. Трэба чакаць новых правакацый і стракатай рэкламы гэтай катэгорыі “барцуноў”.

А тут яшчэ непараўнальны А. Лябедзька выступіў з прызнаньнямі, што ў іх ёсьць “План Б”. Чаму “Бэ”? А каб ніхто не здагадаўся!

Маўляў, калі не атрымаецца з “круглым сталом” з лукашыстамі, то “апазыцыя” пакажа ім сваё “Бэ”.

Становіцца цікава жыць. Ціхамірная плынь псэўдаапазыцыйнага існаваньня трансфармуецца ў “планов громадьё”, сталы і крэслы. Яны гукаюць пра вуліцу. Досьвед паказаў, што беларусам нельга нават набліжацца да гэтых пэрсанажаў ні на вуліцы, ні ў інтэр’еры – здаравей будзе.

Сымон Рудзік