Крэмль: “Якая ізаляцыя Расеі? Ёсьць Азія, Афрыка, Лацінская Амэрыка!”

12 ноября 2015 г.

Навіны

Аб міжнароднай ізаляцыі Расеі з прычыны санкцый гаворка не ідзе, бо Заходняй Эўропай, ЗША і Канадай “і яшчэ некалькімі дзяржавамі” сьвет не абмяжоўваецца, заявіў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта РФ Сяргей Іваноў у інтэрв’ю ТАСС.

Ён падкрэсьліў, што астатнія краіны і рэгіёны: Азія, Афрыка, Лацінская Амэрыка для Расеі адкрытыя. Зь імі можна як гандляваць, так і езьдзіць на адпачынак. Расея не імкнецца адгардзіцца ад зьнешняга сьвету, “гэта быў бы маразм”, упэўнены чыноўнік.

У той жа час Іваноў прызнаў, што ў РФ цяпер цяжкая фінансава-эканамічная сітуацыя, санкцыі нанесьлі пэўную шкоду і ідзе падзеньне ВВП. Аднак, па словах чыноўніка, галоўная прычына спада расейскай эканомікі – не санкцыі, а зьніжэньне сусьветных коштаў на нафту і газ.

Таксама кіраўнік адміністрацыі расейскага прэзыдэнта зазначыў, што задаволены першымі станоўчымі вынікамі палітыкі па імпартазамяшчэньню. Хаця правесьці глабальнае і эфэктыўнае замяшчэньне паасобных відаў прадукцыі можна толькі праз пяць-сем гадоў, але на паліцах крамаў расейская прадукцыя займае ўсё больш месца, шмат што зроблена ў ваенна-прамысловым комплексе, а да абсалютнага імпартазамяшчэньня Расея і не імкнецца, заявіў чыноўнік.

Таксама ў гэтым інтэрв’ю Іваноў заявіў, што Україна з аграрна-тэхналагічнай краіны ператвараецца ў “тупы прыдатак для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі”, а расейцы і ўкраінцы – адзін народ.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/worldnews/Glava-administracii-Putina-Kakaya-mezhdunarodnaya-izolyaciya-Rossii-Est-Aziya-Afrika-Latinskaya-Amerika-102733.html