Віталь Портнікаў: Тэатр ваенных дзеяньняў

12 ноября 2015 г.

Навіны

Вайна ў Данбасе завяршаецца, і цяпер галоўныя намаганьні Расеі на ўкраінскім фронце будуць складацца не з накіраваньня “адпускнікоў” і абстрэле гарадоў і вёсак, а ў бясконцым перацягваньні менскага каната і спробах унутранай дэстабілізацыі суседняй краіны. Сірыйская апэрацыя працягваецца – але не дасягае сваіх сапраўдных мэтаў. Бо ў Крамлі хацелі ня проста выратаваць рэжым Асада, але і прадэманстраваць вяртаньне Расеі ў вялікую палітыку ў ролі новага Савецкага Саюза. Але цяпер, калі прэм’ер-міністра гэтага самага Савецкага Саюза не жадаюць бачыць у Злучаных Штатах і называюць пуцінскую спробу накіраваць у Вашынгтон высокапастаўленага парляманцёра жэстам адчаю, — што яшчэ можа прадэманстраваць Уладзімір Уладзіміравіч удзячнаму чалавецтву? Мяцеж у Малдове? Крызіс вакол Карабаха? Але гэта відавочна ня тыя спэктаклі, на якія будзе ламацца публіка.

Уся справа ў тым, што постсавецкая прастора і алавіцкія паселішчы – адзіныя ўчасткі сушы, на якіх Пуцін можа адчуць сябе Брэжнявым і кінуць бессэнсоўны выклік Захаду. І не таму, што Расея моцная, а таму што ў краінах СНД апошнія дваццаць гадоў замест дзяржаўнага будаўніцтва займаліся дзяржаўным раскраданьнем, а Сірыя загінула ў канфлікце непараўнальнага Башара Асада з уласнымі грамадзянамі.

Варта было ўкраінцам пазбавіцца ад крымінальнага рэжыму і заняцца сваёй краінай, як неадкладна аказалася, што ўплыў Расеі ва Украіне роўны нулю і для доказу сваёй значнасьці Уладзіміру Уладзіміравічу давялося “адціскаць” Крым і накіроўваць войскі ў Данбас. Варта было ўкраінцам распачаць стварэньне сапраўднай арміі, як праявілася сапраўдная якасьць расейскага воінства і крымінальнікаў, на якіх накруцілі парцянкі “русского міра”. Тое ж самае можа адбыцца і ў Сірыі. Калі сірыйцы здолеюць распачаць паўнавартасны палітычны дыялог і пазбавіцца ад Асада, яны забудуцца пра Пуціна на наступны ж дзень. І з “Ісламскай дзяржавай” разьбяруцца без пуцінскіх сокалаў – проста менш цывільных жыхароў Сірыі загіне пад бомбамі.

Усе войны, у якіх Пуцін удзельнічае ў бязглуздай спробе замяніць сапраўдныя зьмены ва ўласнай краіне доказам яе мілітарысцкіх магчымасьцяў, - гэта войны бязмоцы. І паўстае пытаньне – дзе ён будзе ваяваць далей? Ніякай новай геаграфічнай кропкі для прымяненьня палкаводскіх талентаў Уладзміра Уладзіміравіча ў гэтым сьвеце проста не існуе. Зразумела, можна распачаць сапраўдную вайну – “абараніць” расейцаў у Балтыі, напрыклад. Але гэта наўпроставае сутыкненьне з НАТО. А Пуцін – ён жа хоча толькі здавацца, а ня быць Брэжнявым. Ды й Брэжняў наўпроставага сутыкненьня з НАТО разумна пазьбягаў.

Менавіта таму можна канстатаваць, што расейскі рэжым вычарпаў ня толькі свой палітычны і эканамічны патэнцыял. На самой справе вычарпаны і ваенны. Так, усё яшчэ выдаткоўваюцца грошы на армію, усё яшчэ робяцца ваяўнічыя прамовы, але месца для новай вайны на гэтым глобусе для Уладзіміра Уладзіміравіча ўжо не засталося.

Віталь Портнікаў Пераклад расейскай. Крыніца: http://grani.ru/opinion/portnikov/m.245060.html