Няшчасныя людзі наслухаліся маскоўскай гёбэльс-прапаганды і пачалі гукаць “Россія! Россія!”, таптаць і паліць сьцягі Украіны. Да іх прышоў “русскій мір” на танках, браню якіх яны апантана цалавалі, спадзяючыся на “расейскія заробкі і пэнсіі”. Яны станавіліся сьценкай на шляху аддзелаў Украінскай арміі, якая прышла на Данбас, каб выратаваць гэтых людзей і ўсю Айчыну. Яны рагаталі і сьвісталі, калі пэўны час украінскія вайскоўцы паварочвалі сваю тэхніку і гарматы і зьязджалі прэч. Яны танцавалі пад сьцягамі РФ. Можа і ня ўсе, але ніхто зь іх ня ўстаў у абарону Украінскай дзяржавы.
Потым пачалася вайна, прышлі чачэнскія і бурацкія банды, Матарола і Гіві з сваімі збачэнцамі, пачаліся рабункі, разбой, забойствы, арышты – усё ў імя “русского міра”. Потым матаролы пачалі абстрэльваць жылыя кварталы і паселішчы і забіваць усіх без разбору. Урэшце людзі зразумелі, што памыліліся, і пачалі ўцякаць з сваіх прыдонскіх стэпаў. Першыя тысячы ўцяклі ў Расею, імя якой было ва ўсіх на вуснах. Але з Расеі (Якуціі, Курылаў, Урала і іншай глухамані) на Данбас прыходзілі страшныя зьвесткі пра нянавісьць да данецкіх уцекачоў (“хохлов”) з боку рускага насельніцтва, пра галечу, беспрацоўе і поўную безвыходнасьць жыцьця.
Вось тут настаў трэці этап даволі масавага ачмурэньня. Людзі зноў паверылі былі прапагандзе пра “лукашэнкаўскі рай” у недалёкай Беларусі, пра “бацьку”, які “трымае парадак” і “ня дасьць пакрыўдзіць рускіх”. Тысячы данецкіх уцекачоў пасунуліся ў бежанства ў Беларусь. Сярод іх шмат сем’яў розных службовых асобаў данецкага рэгіёна Украіны, якія перайшлі на бок маскоўскага ворага і маглі спадзявацца толькі на ўкраінскі суд. Як правіла, гэтых антыбеларускі рэжым добра ўладкаваў за кошт нашага народу і бюджэта. А вось тысячы простых дэзарыентаваных данецкіх людзей уладкаваліся як маглі. Напрыклад, некалькі дзясяткаў сем’яў атрымалі “жыльлё і працу” у калгасах непадалёк ад Зэльвы. Людзям давялося прызвычайвацца за гною па калена і ўсіх цяжкасьцяў калгаснага жыцьця. Але яны пачалі працаваць. Дапрацавалі да першага “райскага заробку” – 1 мільён 700 тысячаў бел. рублёў. Лічба для іх прагучала салідна, Але першыя закупкі ў краме і пералік на даляравы адпаведнік вярнулі “мільянэраў” на зямлю. Праз месяц яны атрымалі другі заробак – 1 мільён 300 тысячаў… Параіліся, крычаць на плошчы “Россія! Россія!” ужо ня сталі, а прынялі рашэньне вяртацца на неакупаваныя землі Украіны.
Вось такая адысея жорстка падманутых і замбаваных людзей. Вось такія ключы ад “раю”.
Сяргей Камароўскі