МЕНСК. ШЭСЬЦЕ І МЭМАРЫЯЛЬНЫ МІТЫНГ У КУРАПАТАХ

3 ноября 2015 г.

Навіны

1 лістапада на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ беларусы сабраліся ў Менску, каб ушанаваць памяць Дзядоў. Больш за дзьве тысячы чалавек прайшлі шэсьцем пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі праз цэнтар сталіцы і накіраваліся ў Курапаты. На тэрыторыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах адбыўся мэмарыяльны мітынг. Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка “Слова на Дзяды 2015 года” (публікуецца). Выступілі таксама сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і іншыя выступоўцы.

Яны падзяквалі людзям, якія прайшлі шматкілёмэтровым маршрутам і завершылі шэсьце ў нашай нацыянальнай сьвятыні. Памяць не згасае ў душы нашага народу. Гэтая памяць – разам з нашай культурай і мовай – ёсьць асновай нашага годнага чалавечага і нацыянальнага існаваньня на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве. Чужынскі васальны рэжым, навязаны нам Масквой, праз злачынную русіфікацыю, разбурэньне беларускага школьніцтва і разрабаваньне нашай народнай маёмасьці спрабуе пазбавіць наш народ будучыні. У такія цяжкія моманты беларусы заўсёды зьвяртаюцца да сваіх Дзядоў, да нашых сьвятых продкаў, што перадалі нам у спадчыну нашыя духоўныя і матэрыяльныя багацьці. Мы з году ў год вяртаемся да гэтых сьвятых магілаў, і продкі даюць нам веру і моц. Беларускі народ выстаяў, не зьняверыўся, мільёны беларусаў гатовыя, калі спатрэбіцца, да бітвы за сваю Айчыну. У нашага хрысьціянскага народа ёсьць сьветлая і прыўкрасная будучыня ў сям’і эўрапейскіх нацый. А сатанінская імпэрыя зла, якая душыць усё жывое і чалавечае ў нашай краіне, гніе і набліжаецца да свайго канчатковага распаду. Масква пацярпела паразу ў братняй Украіне, ад расейскай арды адбілася рыцарская грузінская нацыя. Няўжо мы дазволім, каб гэтая пачвара, якая канае, растаптала нашую Беларусь, каб вярнуўся жахлівы масавы і крывавы лубянскі тэрор? Не дазволім! Ніколі! Мы вызвалімся ад акупанцкага рэжыму і будзем жыць у вольнай дзяржаве.

У Курапатах людзі з усяе Беларусі і з іншых краін паставілі больш за тысячу крыжоў на магілах нашых пакутнікаў. Народны помнік ужо ёсьць. Гэты помнік вечны, людзі будуць ставіць тут крыжы тысячы гадоў. Няма патрэбы ў нейкім іншым “помніку” ад антыбеларускага рэжыму. Няхай яны рыхтуюць асінавы кол для сваёй імпэрыі зла. Няхай і расейскі народ, якому мы спачуваем, звольніцца ад крамлёўскага рабства. Але, на жаль, мы ня бачым, каб расейцы хацелі вызваленьня. Імпэрскі малох для іх важней за годнае жыцьцё.

Сёлета сюды прыйшлі людзі старэйшых пакаленьняў, якія распачыналі наша змаганьне і справу мэмарыялізацыі. Радасна, што з намі так шмат моладзі – сотні юнакоў і дзяўчат, маладыя сем’і з малымі дзецьмі. Гучыць наша беларуская мова, мы ўсе тут – адна душа. Нас яднаюць нашыя сьвятыя Дзяды.

Мэмарыяльны мітынг скончыўся сьпяваньнем нацыянальнага гімна “Магутны Божа”. Людзі гукалі “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”

Людзі запалілі сьвечкі і зьнічкі, паставілі іх пад крыжы, на магілы пакутнікаў, усклалі кветкі. Таксама былі ўсталяваныя крыжы, якія народ пранёс шэсьцем праз сваю сталіцу.

1 лістапада 2015 г. Інфармацыйная камісія БНФ “Адраджэньне” і КХП–БНФ