З усяе краіны паступаюць зьвесткі аб тым, што тварылася вакол “выбараў” і на самым электаральным фарсе. Ніхто ня можа прывесьці дакладныя лічбы чым завершыўся фарс, колькі выбаршчыкаў атрымалі выбарчыя бюлетэні і як імі распарадзіліся. Па назіраньнях і агульных падліках зразумела, аднак, што выбары ў Беларусі не адбыліся, прагаласавала меншая палова выбаршчыкаў. Больш паловы не галасавала.
Адусюль паведамляюць пра адміністрацыйны ціск на залежных людзей, пра пагрозы і просьбы “только прідіте на участок, а голосуйте, как хотіте”. А таксама пра актыўнае галасаваньне памерлых людзей, пра абурэньне грамадзян, за якіх ужо фальшыва прагаласавалі і распісаліся, і брутальным выдаленьні такіх людзей з выбарчых участкаў. Паўсюль адбыліся “каруселі”. Гэтым разам гэта былі не паездкі па ўчастках аўтобусаў з натоўпамі фальшывых выбаршчыкаў, рэжым пакарыстаўся больш “дыскрэтным спосабам”. Па ўчастках хадзілі паасобныя грамадзяне альбо маладыя людзі, якія ўдавалі электаральна актыўныя сем’і. Кіравалі гэтым працэсам агенты рэжыму пад выглядам дзяжурных па экзітполу. Камісіі паўсюль бессаромна маніпулявалі сьпісамі, бюлетэнямі і пратаколамі. Як заўсёды, назіральнікаў і блізка не дапускалі да сапраўднага кантролю за працэсам галасаваньня, падліку бюлетэняў і афармленьня яго вынікаў. Такім чынам, сёньня проста немагчыма назваць хаця б прыблізныя лічбы.
Дакладным зьяўляецца наступнае. У значнай колькасьці акругаў і рэгіёнаў (а, практычна, ў большасьці, хоць не на ўсіх участках было незалежнае назіраньне) “выбары” не адбыліся, бо не прышло больш за палову выбаршчыкаў, паводле сумленных назіральнікаў. Незалежныя ад рэжыму людзі масава байкатавалі фарс. Вельмі вялікая колькасьць выбаршчыкаў наўмысна сапсавалі свае бюлетэні, галасавалі “супраць усіх” і не за Лукашэнку.
І яшчэ адно. Грамадзтва як не цікавілася сёлетнім фарсам, так не асабліва і ўсхавалявалася яго афіцыйнымі вынікамі. Рэжымная палітыка гвалту і падману стала руцінай, грамадзтва ўжо ня мае ілюзій. Усе чакаюць, што адбудзецца з эканомікай і фінансамі краіны “пасьля выбараў”.
Па меры апрацоўкі інфармацыі, што паступае з розных канцоў Беларусі, мы будзем даваць інфармацыю пра статыстыку.
Сяргей Камароўскі