Маладыя патрыёты

19 октября 2015 г.

Навіны

Сеціва гудзіць. Шырока распаўсюджваецца фота чатырох маладых кадэтаў з-пад Баранавічаў, якія сфатаграфаваліся з выявамі “Пагоні”. 16-гадовымі юнакамі ўжо занялася лукашыстоўская адміністрацыя. Начальства ім заявіла, што яны будуць звольнены з вучэльні, аднаго зь іх ужо звольнілі. Такая вось рэакцыя акупацыйнага афіцыёзу на шчырую праяву маладымі людзьмі патрыятызму і павагі да нацыянальнай сьвятыні. Для афіцыёзу гэта злачынства.

Ня трэба гэтаму зьдзіўляцца. У нашай краіне існуе антынацыянальны, акупацыйны па сутнасьці рэжым, кіруемы з Масквы. Задача гэтага рэжыму – зьнішчэньне ўсяго сьвятога і беларускага на нашай тэрыторыі і ў душах людзей.

Гэтаму трэба супрацьстаяць. Самай разумнай рэакцыяй была б кампанія салідарнасьці з чатырма маладымі патрыётамі па ўсяе Беларусі. Іхнія сем’і павінны былі б падаць у суд на службовых асобаў, якія зьдзяйсьняюць ціск і перасьлед беларусаў паводле такіх дзікіх абвінавачваньняў.

Але ёсьць таксама яшчэ адна лекцыя для маладых людзей. Калі вы знаходзіцеся ў спэцыфічных умовах казармы, пад строгай дысцыплінай, пад афіцыйнай камандай варожых для Беларусі асобаў, то не падстаўляйце сябе. Вучыцеся ваеннай справе, засвойвайце вайсковую спэцыяльнасьць, вучыцеся валодаць зброяй. Фармуйцеся для абароны Бацькаўшчыны. А тым часам дыскрэтна і без лішніх дэманстрацый чытайце беларускія кнігі, вывучайце нашу культуру і гісторыю, вучыцеся любіць наш народ. Не падстаўляйцеся пад брутальны перасьлед.

Настане сьветлы дзень, і спатрэбяцца вашыя веды, і мы ўздымем над краінай сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. А ворагі будуць адпаўзаць “восвоясі” – у сваю цемру.

Павел Гулевіч