“Калі нас будуць працягваць рассеіваць, наша супольнасьць зьнікне”, — папярэдзіў Мансіеньёр Пэтрус Мушэ, арцыбіскуп Сірыйска-Каталіцкага Касьцёла ў Масуле. На працягу многіх месяцаў цэлымі сем’ямі хрысьціянскія ўцекачы штодня выпраўляюцца з Эрбіла ў Эўропу або Злучаныя Штаты. Праз адзін год бежанства іхняя сітуацыя застаецца складанай. Пэрспэктыва вярнуцца ў свае дамы з кожным днём аддаляецца, і яны рыхтуюцца правесьці другую зіму ў лягярох. “Сем’і разарваны, усё больш і больш сем’яў ад’язджаюць, а гэта неацанімая страта для нас”, —тлумачыць Мср Пэтрус Мушэ, робячы падлікі: “У нашай дыяцэзіі сёньня 12000 сем’яў, каля 50000 асобаў. Гэта ёсьць траціна ўсіх сірыйска-католікаў. Аднак калі мы будзем і надалей рассейвацца, наш народ зьнікне”.
Каб спыніць распад, Мср Мушэ сёньня абараняе радыкальнае рашэньне: “Вашы ўрады прымаюць нашы сем’і па жменьцы, вось і ўсё. А па-сапраўднаму, трэба дазволіць ім трымацца разам, пераязджаць па 400-500 сем’яў адразу. Згуртаваныя, яны будуць мацней, іхнія дзеці будуць вучыцца разам, яны змогуць размаўляць на сваёй мове і жыць у сваёй веры”. Такое рашэньне гучыць як нешта паваротнае, бо дагэтуль біскуп Масула і Карадоша заклікаў адно да таго, каб вернікі ўтрымаліся ў Іраку. Але мэта застаецца тая самая: дазволіць урэшце сем’ям вярнуцца ў свае вёскі, якія цяпер знаходзяцца пад кантролем Даэха. “Як толькі іхнія вёскі будуць вызвалены, яны б хацелі вярнуцца дахаты”, — запэўнівае Мср Мушэ. Біскуп абараняе сваю ідэю ва ўсіх установах замежжа. “У вас ёсьць пустыя вёскі ў Францыі. Прыміце нас да часу, пакуль ня будуць вызвалены нашы вёскі”, — запрапанаваў ён на гэтым тыдні на Кэ Д’Арсэ. Раней ён выказаўся ў гэтым сэнсе перад нямецкім парлямантам, у Канадзе… У Чэшскай Рэспубліцы прэм’ер-міністар узяўся прыняць 400 асобаў. Як абураецца Мср Мушэ: “Дагэтуль нічога ня зроблена для нас”.
Эдуар дзё Марэшаль
Пераклаў з французкай В. Буйвал. Крыніца: французкая газэта “Le Figaro”, 9.10.2015 http://www.lefigaro.fr/international/2015/10/09/01003-20151009ARTFIG00011-irak-l-eveque-de-mossoul-appelle-a-un-accueil-massif-des-deplaces-chretiens.php