Судовы перасьлед патрыёта

19 октября 2015 г.

Навіны

Днямі сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і БНФ “Адраджэньне” Алесь Чахольскі атрымаў адразу дзьве позвы з аддзела прымусовага выкананьня Фрунзенскага раёна. Грамадзянін даведаўся (амаль праз год!), што яго судзілі і прысудзілі яму штраф. А менавіта, што 28 лістапада 2014 года суд Ленінскага раёна Менску пакараў яго штрафам у 4, 5 мільёна рублёў, а ў той жа дзень (!) суд Перашамайскага раёна сталіцы аштрафаваў яго на 3 мільёны рублёў.

Сам сп. Чахольскі мяркуе, што магчымай падставай для даўніх судовых пакараньняў мог быць ягоны ўдзел у мэмарыяльных мерапрыемствах на Дзяды на пачатку лістапада 2014 года ў Курапатах і Лошыцы. Цікава, што справу аб выкананьні рашэньня судоў распачалі яшчэ 5 лютага 2015 года (!).

Камэнтуючы падзеі, сп. Чахольскі заявіў журналістам: “Мяркую, што ў рэжыма бюджэт ужо зусім пусты. Вось зараз суды ды розныя структуры і атрымалі загад пільна пашукаць, з чаго можна было б атрымаць грошай. Але ў маім выпадку пратаколы не складаліся, я нічога не падпісваў, рашэньні судоў мне ніхто не дасылаў. Да таго ж, згодна з паперамі, суды адбыліся ў адзін дзень. Тобок ніхто нават не паклапаціўся, каб прыдаць усяму гэтаму праўдападобны выгляд. Ну сапраўды, як фізычна адзін чалавек можа адначасова апынуцца ў двух судах, што знаходзяцца ў розных канцах горада?”

Патрыёт будзе абскарджваць рашэньні рэжымнага судзілішча.

Алесь Хадасевіч