Назіральнікі паведамляюць

13 октября 2015 г.

Навіны

Адбылася рэжымная электаральная маніпуляцыя пад назовам “папярэднія выбары”. Нельга сказаць, каб гэтым разам яна была больш драматычнай або больш гвалтоўнай, чым раней. Масавая фальсіфікацыя набыла формы банальнасьці, гвалтаўнікі прызвычаяліся да сваёй справы і выконваюць яе руцінна ў сацыяльных сэктарах, дзе існуюць залежныя ад рэжыма людзі. А гэта і студэнты, і працоўныя, і бюракратыя, і армія, паўсюль людзей прымушалі ісьці менавіта на “папярэдняе галасаваньне”, пагражаючыся рэпрэсіямі і звальненьнем. Людзі распавядаюць, што ў працоўныя калектывы быў спушчаны “графік папярэдняга галасаваньня”. Сёньня ідуць трое чалавек, заўтра яшчэ трое і г.д. Усё паводле сьпісу.

Назіральнікі на “выбарчых участках” на працягу дня налічваюць колькасьць гэтых паднявольных людзей. Але ўвечары даведваюцца ад выбаркама, што прагаласавала ўдвая (а часам і ўтрая) больш. Там, дзе назіральнікі пратэставалі супраць нахабнай падтасоўкі, камісіі выкарыстоўваюць іншую тактыку. На ўчастку, дзе знаходзіцца пільны назіральнік, лічба прагаласаваўшых больш менш адпавядае рэчаіснасьці. А вось на суседніх участках, дзе такога назіральніка няма, лічба вырастае ў тры разы і больш. Агульная сума ўсяроўна застаецца жульніцкай. Час ад часу на працягу дня кіраўнікі “выбарчай камісіі” бадзёра падымаюцца з крэслаў і гукаюць: “Пойду-ка потрясу общежитие”. Пасьля чарговай “траскі” назіраецца прыток пэўнай колькасьці маладых людзей на ўчастках. Камэнданты інтэрнатаў і выкладчыкі навучальных установаў мелі свае тэрыторыі для апрацоўкі і са спісамі ў руках выганялі людзей на фарс.

Аб’явы, расклеяныя на слупах і пад’ездах дамоў, паведамлялі пра канцэрты, атракцыёны і прызы на “выбарчых участках”. У школах, дзе адбываецца “папярэдняе галасаваньне”, гучэла музыка, часам нават беларуская.

Мільёны беларусаў глуха церпяць гвалт над сабой. Але адчуваецца, што людзей гэта раздражняе. Яны разумеюць, што адбываецца зьдзек з здаровага сэнсу, з закона, іхняга жыцьця. Многія здагадваюцца, што электаральны гвалт сьведчыць пра хранічную стадыю гніеньня антынароднага рэжыму.

Алесь Хадасевіч