Бачачы, як расейскія дзяржаўныя СМІ з насалодай смакуюць праблемы, якія перажывае Эўропа ў сувязі з нашэсьцем сірыйскіх уцекачоў, немагчыма паверыць, што Пуцін сапраўды хоча выратаваць сьвет ад ІДзІЛ. Наадварот, ІДзІЛ Пуціну пакуль быў вельмі выгадны. Бо ісламісты пагражаюць варожаму для яго Захаду і дэстабілізуюць сітуацыю на нафтавым Блізкім Усходзе, тым сасмым замінаючы нафце і далей падаць у цане. Зусім ня дзіва, што яшчэ зусім нядаўна паводле паведамленьняў прэсы расейскія спэцслужбы з задавальненьнем сплаўлялі ісламістаў з Дагестана і іншых ісламскіх рэгіёнаў у Сірыю (самым клопату менш, а заходнім “сябрам” – новыя праблемы).
У сірыйскай авантуры ад пачатку было некалькі мэтаў. Тактычна Пуцін спадзяваўся прадаць сябе Захаду як выратавальніка ад ІДзІЛ, дамагчыся адмены санкцый і прызнаньня анэксіі Крыма. Ужо зараз зразумела, што спроба вырашыць гэтую задачу правалілася. Сваёй акцыяй у Сірыі ён не палепшыў, а толькі парогшыў адносіны з Захадам. Нікога падмануць не ўдалося. Сем дзяржаваў, уключна з ЗША, Францыяй і Нямеччынай, ужо выказалі глыбокую заклапочанасьць расейскімі бамбардоўкамі і заклікалі іх спыніць.
Асад заўжды будзе спрабаваць падставіць пад бамбардоўкі расейскай авіяцыі не ІДзІЛ, а іншыя антыўрадавыя групоўкі (каб канчаткова пасварыць Расею з ЗША і абараніць расейскімі штыкамі сябе ад амэрыканцаў). Так, мабыць, адбылося пры першым жа авіяўдары расейскіх самалётаў у Сірыі. У выніку канфлікт Расеі і Захада абвастрыўся і атрымаў новы “фронт”. Больш таго, сітуацыя ў Сірыі становіцца самай небясьпечнай крыніцай пагрозы новай сусьветнай вайны.
Іншая задача Пуціна ў вайне – радыкальна ўзмоцніць ваенную прысутнасьць на Бліжнім Усходзе, расхістаць там сітуацыю яшчэ мацней, сфармаваць і ўзброіць магутную шыіцка-алавіцкую кааліцыю (Асад, Хэзбала, Іран, шыіцкая частка Ірака), сутыкнуць яе з суніцкім сьветам і зрабіць вайну на Бліжнім Усходзе глабальнай. Гэтая кааліцыя можа выступіць на баку шыіцкай меншасьці ў Савудаўскай Араваіі, справакаваць грамадзянскую вайну, якая насьпявае там ужо даўно, і ўмяшацца ў яе на баку шыітаў. Тады кошты на нафту рэзка падскочаць, а Расея стане замест дэстабілізаванай Савудаўскай Аравіі асноўным гульцом на нафтавым рынку. Ня думаю, што такое разьвіцьцё падзей рэальна (кааліцыя завязьне ў вайне ў Сірыі і Іраку), але расейскія ўлады, па ўсёй бачнасьці, на такі сцэнар разьлічваюць.
Важней за ўсё, што гэтая інтэрвэнцыя – частка пуцінскай стратэгіі рэваншу ў Халоднай вайне, які прадугледжвае аднаўленьне статуса Расеі як звышдзяржавы, якая на роўных спрачаецца з ЗША за ўплыў у сьвеце. Гэтай стратэгіі наканаваны правал, таму што ў Расеі няма эканамічных рэсурсаў для яе рэалізацыі. Па гэтай жа прычыне наканаваны правал і ўсім канкрэтным дзеяньням, накіраваным на дасягненьне яе мэтаў, у тым ліку і цяперашняя сірыйская авантура.
А цяпер аб тым, што рэальна прынясе Расеі сірыйская выправа Мальбрука-Пуціна. Авіяўдары – гэта толькі пачатак. Памятаем, што і ЗША ў В’етнаме пачыналі з гэтага. Ды й кіраўніцтва СССР, уводзячы “абмежаваны кантынгент” савецкіх войскаў у Аўганістан, не меркавала, што ён будзе ўдзельнічаць у буйнамаштабных ваенных дзеяньнях (гэтаму ёсьць пацьверджаньні ў мэмуарнай літаратуры). Вайну лёгка распачаць, але складана скончыць. Распачаўшыся, вайна пачынае разьвівацца паводле ўласных законаў, якія не залежаць ад волі яе ініцыятараў.
Магу меркаваць аб наступным разьвіцьці падзей у Сірыі. Эфэкт расейскіх авіяўдараў будзе блізкі да нуля, але яны моцна раззлуюць ісламістаў супраць Расеі. Тыя пачнуць помсьціць, тэрарызуючы расейцаў у Сірыі і па ўсім сьвеце, да самай Масквы. Расея будзе наносіць удары ў адказ і праводзіць акцыі помсты. Для іх правядзеньня авіяцыі будзе недастаткова. Распачнецца сухапутная апэрацыя расейскіх войскаў у Сірыі (наогул безь яе у любым выпадку не абысьціся, бо наступ на Асада аднымі бамбардоўкамі не спыніць). Такім чынам Расея можа ўвязацца ў буйнамаштабную вайну, якая па сваіх наступствах для краіны будзе страшней за Аўганскую.
Ігар Эйдман, Масква Пераклад з расейскай. Крыніца:https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=1001726576556988&id=100001589654713