Адзінства супраць расейскай агрэсіі

13 октября 2015 г.

Навіны

Расейскія авіяналёты ў Сірыі прымусілі ўзаемна наблізіцца больш за 40 узброеных груповак разьяднанай апазыцыі супраць прэзыдэнта аль-Асада.

41 паўстанцкая групоўка ў сумеснай адозве заклікалі краіны рэгіёна аб’яднацца і згуртавацца, каб супрацьстаяць расейскаму і іранскаму ўмяшальніцтву ў Сірыі. Апазыцыйныя групоўкі абвінавачваюць Расею ў тым, што яна зьяўляецца акупацыйнай сілай у Сірыі ў сумеснай адозве, разасланай сярод іншага таксама ў Reuters.

Сярод падпісантаў ёсьць моцная ісламісцкая групоўка Ахрар аль-Шам і многія групоўкі, якія ваююць пад эгідай сьвецкай Свабоднай сірыйскай арміі. Ахрар аль-Шам павязаны з Фронтам Нусра, які зьвязаны з Алькаідай. Але аль-Нусра няма сярод падпісантаў адозвы. Ісламскай Дзяржавы (ІД) таксама няма сярод іх.

Расея распачала авіяналёты на баку прэзыдэнта Башара аль-Асада на мінулым тыдні. Расейскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што яны атакуюць тэрарыстычную групоўку Ісламскую Дзяржаву (ІД). Але апазыцыя мяркуе, што атакі накіраваныя таксама супраць іншых паўстанцкіх груповак і што мэтай расейскіх атак ёсьць аслабленьне супраціву рэжыму аль-Асада.

На мінулым тыдні паступілі таксама непацьверджаныя зьвесткі аб тым, што Іран паслаў сотні сваіх жаўнераў у Сірыю.

У адозве паўстанцкія групоўкі крытыкуюць “расейскую агрэсію ў Сірыі і нахабную акупацыю краіны”, і сьцьвярджаюць, што падчас расейскіх авіяналётаў мэтай бомбавых удараў былі цывільныя аб’екты вакол горада Хомса.

“Цывільныя людзі былі непасрэднай мэтай. Гэты мэтад нагадвае тактыку выпаленай зямлі, які Расея ўжывала ў былых войнах”, — цытуе Reuters адозву.

Паўстанцкія групоўкі ўжо раней заклікалі краіны арабскага сьвету забясьпечыць іх зброяй, каб яны маглі супрацьстаяць расейскім авіяналётам, — піша Reuters. Але новая адозва выглядае на самую ўзгодненую акцыю з усіх папярэдніх.

Томас Хол Пераклаў з швэдскай В. Буйвал. Крыніца: швэдская газэта “Dagens Nyheter”, 6.10.2015 http://www.dn.se/nyheter/varlden/syriska-rebeller-soker-enighet-mot-rysk-aggression/