Масква. Кіраўнік абароннага камітэту расейскай думы адмірал Уладзімір Камаедаў заявіў у панядзелак, што ў шэрагах сірыйскіх урадавых войскаў, якія ваююць з “міжнароднымі тэрарыстамі”, могуць зьявіцца расейскія добраахвотнікі з досьведам баёў ва ўкраінскім Данбасе. Гэты аддзел мог бы мець сілу батальёна або брыгады, тобок ад 800 да 3000 ваяроў.
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін пры гэтым дагэтуль адмаўляе удзел расейскіх войскаў у сухапутных апэрацыях.
“Як пяецца ў вядомай камсамольскай песьні, камсамольцаў-добраахвотнікаў не спыніць. У шэрагах сірыйскай арміі абавязкава зьявіцца аддзел з расейскіх добраахвотнікаў з баявым досьведам”, — сказаў Камаедаў агенцыі Інтерфакс наконт зьвестак, што на баку сірыйцаў расейцы ўжо ваююць. Да таго ж такім чынам яны могуць падзарабіць грошай.
“Што іх там прыцягвае? Акрамя ідэі, грошы, зразумела”, — зазначыў адмірал. Ён таксама нагадаў, што паводле меркаваньняў у шэрагах Ісламскай дзяржавы і іншых радыкальных груповак ваююць 2500-5000 расейскіх грамадзян, асабліва каўказцаў, а таксама грамадзян постсавецкіх сярэднеазіяцкіх рэспублік.
Інтерфакс паведаміў, што добраахвотнікі нібыта атрымліваюць у частках Башара Асада па 50 даляраў штодня.
Пераклаў з чэшскай В. Буйвал.
Крыніца: чэшская газэта “Lidove Noviny”, 5.10.2015 http://www.lidovky.cz/zkuseni-dobrovolnici-z-donbasu-si-mohou-privydelat-v-syrii-prohlasil-rusky-admiral-g3o-/zpravy-svet.aspx?c=A151005_151442_ln_zahranici_msl