Вялікая выбарчая перамога незалежніцкіх партый у іспанскім рэгіёне Каталоніі, якая можа стацца яшчэ адной эўрапейскай краінай.
Каталонія выразна прагаласавала за набліжэньне да незалежнасьці ад Іспаніі, чаго жадае бальшыня выбаршчыкаў утварэньня, якое дагэтуль зьяўляецца рэгіёнам у паўночнай частцы краіны.
Нядзельныя выбары ў рэгіёне, на якіх йшлося аб тым, хто будзе кіраваць Каталоніяй у наступныя чатыры гады, былі амаль выключна апытаньнем наконт таго, быць за альбо супраць сувэрэнітэту.
Вялікі незалежніцкі сьпіс – Juns pel si (Разам за “так”) пад кіраўніцтвам цяперашняга, буржуазнага прэзыдэнта Артура Маса атрымаў амаль палову месцаў у каталонскім парляманце пасьля падліку амаль усіх галасоў позьнім вечарам у нядзелю. Разам з незалежніцкай партыяй левай арыентацыі CUP сьпіс ўзяў 80 з 135 месцаў у парляманце.
Палова выбаршчыкаў за незалежнасьць
Мяркуючы па адсотках галасаваньня, перамога двух незалежніцкім сьпісаў наўрад ці была такой пераканаўчай. Толькі палова выбаршчыкаў прагаласавала за Junts pel si і CUP. Каталонскае выбарчае законадаўства ўдзяляе асаблівую ўвагу на шчыльна заселеныя акругі і таму прадстаўляе колькасьць месцаў у парляманце не паводле колькасьці галасоў, аддадзеных за паасобныя партыі.
І ўсё ж выбары былі выразнай перамогай сэпаратысцкіх рухаў і партый, якія ў першую чаргу хочуць атрымаць дазвол на правядзеньне рэфэрэндума аб незалежнасьці. Іспанскі цэнтральны ўрад у Мадрыдзе выступае супраць гэтага і спасылаецца на канстытуцыю краіны.
Урад кажа, што рэгіён можа атрымаць незалежнасьць толькі тады, калі бальшыня выбаршчыкаў па ўсяе Іспаніі падтрымаюць гэта. Але ў Каталоніі мяркуюць, што ад гэтага параграфа можна адступіць.
“Сёньня мы атрымалі падвойную перамогу. Прыхільнікі боку “Так” перамаглі, і што яшчэ лепш: Дэмакратыя перамагла”, — сказаў Артур Мас у прамове да сваіх прыхільнікаў позьнім вечарам у нядзелю.
Гістарычна высокі адсотак удзелу ў выбарах
Прадстаўнік ураду Франсэск Хомс напісаў на сваім Твітэры:
“Гэта быў гістарычны ўзровень удзелу ў выбарах, і ён азначае, што бальшыня за незалежнасьць. Мы зрабілі гэта”.
У Мадрыдзе вынікі з Каталоніі былі сустрэты праварадыкальнай дэманстрацыяй за іспанскае адзінства ўвечары ў нядзелю, а цэнтральны ўрад пад кіраўніцтвам кансэрватыўнага прэм’ера Марыяна Рахоя захаваў маўчаньне.
Лева-папулісцкая партыя Podemos, якая сур’ёзна пагражае буржуазнай кіруючай партыі РР на наступных выбарах у іспанскі парлямант у сьнежні, ня ўдзельнічала ў рэгіянальных выбарах.
Пераважная большасьць за рэфэрэндум
Але Podemos прадстаўляў на выбарах сьпіс Catalunya si que es Pot – Каталонія так, мы можам – які разам з сэпаратыстамі хоча рэфэрэндума. Такім чынам вырысоўваецца выразная большасьць за рэфэрэндум у Каталоніі, дзеля чаго і будзе працаваць абраны парлямант.
Як сказаў Артур Мас пасьля бліскучай выбарчай перамогі:
“Мы цяпер не саступім. Мы перамаглі, хаця ўсе былі супраць нас. І гэта дае нам яшчэ болей сілы і большай легітымнасьці ў прасоўваньні праекта. Мы прывядзем вынік выбараў у адпаведнасьць з жаданьнем каталонцаў і ў суладдзе з Іспаніяй, Эўропай і сьветам”.
Эрык Енсэн Пераклаў з дацкай В. Буйвал. Крыніца: http://politiken.dk/udland/ECE2860047/catalonien-stemte-sig-taettere-paa-uafhaengighed/