Лукашысты зрабілі каляровы плакат. Разьвесілі па Беларусі. Гэта ня проста электаральны стэнд з інфармушкамі. Гэта – сьвятыня, алтар, матэрыялізаваны ідэал! Тут такі “згустак ідэй”, што артадаксальныя лукашысты павінны падаць перад агіт-манумэнтам на калені і сьпяваць гімны свайму пахану.
Афіцэр тузае за дрот і ўздымае лукашыстоўскі сьцяг, маршыруе моладзь і старасьць, сьмяецца алімпійка РБ — усе шчасьлівыя, нібыта пад нейкім “кайфам”. Але самыя шчасьлівыя (“кайфуюць”) тыя, якіх у сьветлую будучыню вядзе асабіста начальнік рэжыму. Мяркуючы па агульнай колькасьці пэрсанажаў кампазыцыі (больш за 90% — жанчыны), Беларусь у агітпропаўскай трактоўцы зьяўляецца востравам амазонак. Можа гэта намёк на вельмі высокую мужчынскую сьмяротнасьць у нашай акупаванай краіне?
Манумэнтальны лубок стракаціць у вачах, ад яго патахае штучнасьцю і няшчырасьцю. Тут столькі ўсяго кампазыцыйна накручана, што ў галаве пачынае шумець. Але ўсёткі ёсьць спроба зьвязаць гэтую дысгармонію ў адно. Гэта дэвіз са згадкай пра будучыню і незалежнасьць. А таксама чырвона-зялёная стужка, што бяжыць дакладна па межах РБ. Ды вы толькі паглядзіце, як яна “бяжыць”! З Польшчай, Балтыяй і Украінай стужка вызначае дзяржмяжу. А вось з Расеяй – пустэча і правал у маскоўска-сібірска-азіяцкую прастору.
Такую “будучыню” і такую “незалежнасьць” прапаведуе нам лукашыстоўскі “агітпроп”. Дзякуй за шчырасьць зьнішчальнікам. У каго ёсьць здольнасьць да мысьленьня, той усё зразумеў.
Сяргей Камароўскі