Акупанты супраць Мэджліса

11 октября 2015 г.

Навіны

Прадуктовая блакада зноў вярнула Крым у мэдыязводкі, зь якіх ён амаль што зьнік год таму. І вярнуў яго туды той самы крымскататарскі Мэджліс, аб існаваньні якога расейскія ўлады доўгі час спадзяваліся забыцца.

Менавіта Мэджліс – неафіцыйны этнічны ўрад крымскіх татараў – стаўся ініцыятарам блакады паўвыспы. За гэта на яго ўжо пасьпелі насунуцца крымскія ўлады. Пракурор паўвыспы Натальля Паклонская загадала крымскім СМІ ня згадваць аб існаваньні Мэджліса – грунтуючыся на тым, што ён не зарэгістраваны ў Крыме як грамадзкая арганізацыя.

Пазьней алею ў агонь падліў віцэ-прэм’ер Крыма Руслан Бальбэк, які заявіў, што Мэджліс трэба ў Расеі забараніць. Маўляў, “фінансуецца заходнімі фондамі”, “Вядуць экстрэмісцкую дзейнасьць” і іншая навамова.

Усё гэта адбываецца не выпадкова.

Таму што з самага першага дня анэксіі галоўная бітва за паўвыспу засяродзілася вакол крымскіх татараў. Менавіта яны – якія перажылі трагедыю дэпартацыі – аказаліся самымі несавецкімі ў збольшага прасавецкім Крыме. Менавіта яны найбольш адмоўна ўспрынялі новую рэчаіснасьць паўвыспы – тую, у якой Расея спрабуе этнічна і эстэтычна прыкідвацца Савецкім Саюзам. Тым Савецкім Саюзам, які выселіў народ у 1944-м і не дазваляў вярнуцца дадому да позьніх 80-х.

Галоўнай перашкодай на шляху апэрацыі па “прымушэньню да лаяльнасьці” выступаў крымскататарскі Мэджліс. Гэта неафіцыйны этнічны ўрад, які абіраў Курультай – неафіцыйны этнічны крымскататарскі парлямант. На пачатку новыя ўлады спрабавалі зь ім заігрываць, а Уладзімір Пуцін асабіста тэлефанаваў Мустафе Джэмілёву, спадзяючыся схіліць таго на бок Крамля.

Гэта не атрымалася.

Тады Масква абрала іншую тактыку. Лідэрам Мэджліса – Мустафе Джэмілёву і Рэфату Чубараву – забаранілі ўезд на паўвыспу, а на іхніх прыхільнікаў у Крыме пачалі ціснуць. Мэта простая: у самой Расеі не існуе ніякіх цэнтраў суб’ектнасьці па-за дзяржавай, а таму, на думку новых уладаў, Мэджліс павінен быць разбураны і маргіналізаваны. Крымскія татары не пастаўленыя па-за законам – ім будуць даваць пасады ва ўладзе, калі яны прызнаюць новае грамадзянства паўвыспы. Але не раней.

Больш таго – сёньня ў сваёй публічнай рыторыцы Крэмль спрабуе разьвесьці паняцьці “крымскія татары” і “Мэджліс”. Таму для расейскага абывацеля ніякага палітычнага ўціску крымскіх татараў няма – ёсьць толькі навядзеньне парадку ў адносінах да адной канкрэтнай “мяцежнай арганізацыі”. Хаця на самой справе йдзецца аб зьнішчэньні сістэмы нацыянальнага прадстаўніцтва.

Адначасова арганізацыяй паспрабавалі пакарыстацца розныя маргінальныя крымскататарскія групы і індывіды, якія пасьпяшаліся запрапанаваць Маскве сваю лаяльнасьць у абмен на доступ да крэслаў і мандатаў. Да іх адносіцца і віцэ-прэм’ер Руслан Бальбэк, які з камсамольскімі ноткамі ў голасе патрабуе жорсткіх захадаў супраць Мэджліса.

Для Масквы задача інтэграцыі крымскіх татараў мае прынцыповы характар. Таму што яны псуюць паўночнакарэйскія лічбы народнай падтрымкі новага статуса паўвыспы. Калі б іхнія палітычныя лідэры адобрылі “крымскую вясну”, можна было б казаць пра поўную адзінадушнасьць. А пакуль усё атрымліваецца паводле даўняга назіраньня: часам адзін шчыры чалавек замінае ўсяму калектыву адчуваць сваю прыстойнасьць.

Калі толькі крымскія татары прызнаюць новую рэчаіснасьць, пагодзяцца ўбудавацца ў сістэму на ўмовах сістэмы – у адносінах да іх адразу ўключаць рэжым дэманстрацыйнага дабрадзейства. Дадуць пасады ва ўладзе, адкрыюць дзьверы кабінэтаў, раздадуць службовыя пасьведчаньні. Для гэтага патрэбна зусім мала – прыпадабніцца ў публічнай рыторыцы Рамзану Кадыраву.

Павел Казарын, Масква.

Пераклад з расейскай. Крыніца: http://grani.ru/opinion/m.244514.html