Роўна чатыры гады таму, калі толькі пачынала разгарацца сірыйская грамадзянская вайна, а плынь уцекачоў праз межы краіны была яшчэ ручаінай, фатограф Томас Карлсан і я знаходзіліся ў Рамтхэ, малым горадзе якраз на мяжы паміж Іарданіяй і Сірыяй.
Мы меліся інтэрв’юіраваць сірыйскіх уцекачоў, але гэта было лягчэй сказаць, чым зрабіць.
Нямногія з сьмялейшых распавядалі пра гвалт і перасьлед з боку службаў бясьпекі прэзыдэнта Башара аль-Асада, але ніколі яны не называлі свае імёны і яшчэ больш неахвотна дазвалялі фатаграфаваць сябе. — Калі людзі з Мухабарата ўбачаць мае імя і фота ў газэце, яны будуць помсьціць маім сямейнікам у Сірыі, — сказаў адзін стары чалавек.
Страх перад Мухабаратам, таемнай паліцыяй, мае глыбокія карані ў душах сірыйцаў. Мухабарат узьнік, калі партыя Баас захапіла ўладу ў Сірыі ў 1963 г. Партыя грунтавалася на арабскім нацыяналізме і сацыялізме ўсходніх дзяржаваў. Каб захаваць уладу, яна ў хуткім часе заснавала спэцслужбу на ўзор усходненямецкай Штазі.
Калі Хафэз аль-Асад, бацька цяперашняга прэзыдэнта Башара аль-Асада, захапіў уладу ў Сірыі ў 1970 г., ён зрабіў Мухабарат яшчэ больш магутным і імкнуўся прасоўваць наперад людзей з уласнай этна-рэлігійнай групы – алавітаў.
Башар аль-Асад, які заступіў на зьмену тату Хафэзу на прэзыдэнцкай пасадзе ў 2000 г., зрабіў мэтады службаў бясьпекі яшчэ больш “вытанчанымі”. Напярэдадні сірыйскага паўстаньня ў сакавіку 2011 г. Сірыя была паўнавартаснай стукацкай дзяржавай, якою ў прынцыпе на роўных кіравалі чатыры спэцслужбы і сам прэзыдэнт.
Мухабарат меў філіі ў кожным горадзе, кожным мястэчку ў Сірыі, а таксама разгалінаваную сетку агентаў і інфарматараў. Мяркуецца, што кожны дзесяты сірыец – больш за два мільёны чалавек – так або інакш былі ўцягнутыя ў спэцслужбы.
Трэба было ўлічваць, што зборшчыкі сьмецьця і парцье былі інфарматарамі Мухабарата. Усе тэлефонныя размовы можна было праслухоўваць, усе лісты ўскрываць. Была ўтворана атмасфэра страху і небясьпекі, — сказаў Жорж Сабра, вядучы сірыйскі апазыцыйны палітык, якога я сустрэў летась у Стакгольме.
Сабра быў увязьнены восем гадоў у камэры 180 см даўжінёй і 70 см шырынёй. Ён, аднак, пазьбегнуў больш жорсткіх варыянтаў катаваньняў, пра якія “Цэзар” расказвае ў артыкуле Магнуса Фалькэхэда. Мухабарат дагэтуль мае сетку катоўняў у кантралюемых рэжымам раёнах Сірыі, што задакумэнтавана праваабарончай арганізацыяй Human Rights Watch.
Сёньня сірыйскі народ ня мае страху перад апаратам бясьпекі. Сёньняшнія ўцекачы адкрыта і шчыра сьведчаць аб гвалце. Але за гэта яны заплацілі высокую цану. Надта высокую.
Эрык Ольсан
Пераклаў з швэдскай В. Буйвал. Крыніца: швэдская газэта “Dagens Nyheter”, 1.10.2015 http://www.dn.se/nyheter/varlden/skrackvaldet-vardag-for-syrierna/