Група з некалькіх дзесяткаў радыкалаў напала раніцай на поўдні Фінляндыі на аўтобусы, што перавозілі жадаючых атрымаць прытулак. Яны кідаліся камянямі і пэтардамі ў аўтобусы, якія накіроўваліся ў прыёмны цэнтар у Лахці. Фінскі ўрад выразна асудзіў напад.
Паводле ВВС, на аўтобусы з 50 уцекачамі і супрацоўнікамі Чырвонага Крыжа напала група з 40-50 радыкалаў. У машынах, якія накіроўваліся ў былыя казармы, перабудаваныя ў дамы для ўцекачоў, былі таксама малыя дзеці. Падчас нападу ніхто не пацярпеў.
Дзяржаўнае тэлебачаньне YLE апублікавала фотаграфію аднаго з дэманстрантаў, які меў на сябе строй, тыповы для Ку-Клукс-Клана і махаў фінскім сьцягам. Фінскі ўрад напад на уцекачоў востра асудзіў. “Гвалт і пагрозы непрыймальныя”, — заявіў прэм’ер Юха Сіпілэ.
Супраціў уцекачам аказалі нядаўна і ў горадзе Торніа на поўначы Фінляндыі, дзе мясцовыя жыхары ўтварылі сымвалічны “жывы мур” супраць прыезда сотняў уцекачоў з Швэцыі. Сёлета ў Фінляндыю ўжо прыбыла 11000 жадаючых прытулка. За ўвесь мінулы год іх было толькі 3651. Найбольш уцекачоў накіроўваецца ў Фінляндыю з Ірака.
Кашмар мульцікультуралізма?
Прэм’ер мяркуе, што Фінляндыя з 5,5 мільёнамі жыхароў магла б стацца прыкладам у вобласьці міграцыі для астатняй Эўропы. Урад у сваёй заяве настойвае, што Фінляндыя ёсьць “міжнароднай, адкрытай і талерантнай краінай”, дзе бальшыня насельніцтва прымае імігрантаў.
Ва ўрадзе, аднак, сядзіць таксама супрацьімігранцкая партыя Сапраўдныя Фіны, дэпутаты якой часта называюць цяперашнюю палітыку “кашмарам мульцікультуралізма”.
Паводле абавязкавых квот, прынятых на гэтым тыдні міністрамі ўнутраных справаў у Брусэлі, на Фінляндыю прыпадае 1286 шукальнікаў прытулку. Фінляндыя падчас галасаваньня ўстрымалася, Грэцыя, Славакія, Вугоршчына і Румынія былі супраць.
Намстаршыні Эўракамісіі Франс Цымэрманс нядаўна папярэджваў аб хвалі ультраправага экстрэмізма, якую выклікае цяперашні міграцыйны крызіс. “Пакуль мы ня знойдзем грунтоўнае рашэньне, мы будзем сьведкамі наступу скрайне правых сілаў”, — сказаў Цымэрманс.
аle
Пераклаў з чэшскай В. Буйвал. Крыніца: чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”, 25.09.2015 http://zpravy.idnes.cz/rachejtle-proti-uprchlikum-ve-finsku-dwu-/zahranicni.aspx?c=A150925_164429_zahranicni_ale