Вугоршчына – гістарычны і крывавы бар’ер

11 октября 2015 г.

Навіны

Пасярод міграцыйнага крызіса вугорскі ўрад абраў жалезную стратэгію, каб супрацьстаяць масаваму наплыву сірыйскіх уцекачоў на свае тэрыторыі. Урад паставіў загароджу на мяжы з Сэрбіяй і прыняў закон аб іміграцыі, які вызначае абмежаваньні і прадугледжвае пакараньне да трох гадоў турмы за незаконнае перакрочваньне межаў краіны. Гісторыя нібыта вярнулася ў пракляты цыкл. Апошнія дзеяньні Вугоршчыны нагадваюць сьвету, чаму гэтая краіна разглядалася на працягу шэрагу стагоддзяў разам з балканскімі краінамі як апошняя мяжа паміж Хрысьціянствам і Ісламам. У выніку ў тыя гады ўзьнікла адна з тагачасных армій, якая наганяла страх, і магчыма была адзінай, што здолела аказаць мінімальны супраціў наступу Атаманскай імпэрыі ў XVI стагоддзі. Гэтая крывавая варажнеча ўрэшце зрабіла пралом у Вугоршчыну.

На самым пачатку ўздыму Атаманскай імпэрыі Папа Урбан V папрасіў валадароў Вугоршчыны, Сэрбіі, Босніі і Валахіі ўстаць адзіным фронтам супраць туркаў. Аднак, кааліцыя былі разгромлена ў бітве пры Марыцы (1363), што дазволіла мусульманам заняць Сафію, Ніш і Салонікі ў наступныя гады. У1389 г. баўгары і сэрбы пацярпелі яшчэ большую паразу ў Косаве, дзе сэрбскі кароль быў зьняслаўлены і пакараны сьмерцю разам з усёй сваёй сьвітай. Вынік змаганьня вызначыў пачатак турэцкага валадараньня на Балканах на працягу пяці стагоддзяў. Пад агульнай аблогай Вугоршчына засталася апошняй, хто перажыў разгром. Султан Баязэт нездарма паставіў перад сабой мэту да канца выпрабаваць магчымасьці вугорскага супраціву.

Баязэт цалкам падпарадкаваў Сэрбію, захапіў Баўгарыю, узяў Афіны, пачаў аблогу Канстанцінопаля – які быў у руках Візантыйскай імпэрыі – у акупаваў горад-крэпасьць Нікапаль, што на Дунаі, разьбіўшы на прыканцы 14-га стагоддзя крыжацкае войска пад камандваньнем Жыгімонта Люксэмбургскага, Караля Вугоршчыны, а праз колькі гадоў імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі Германскай нацыі. Дзякуючы намаганьням Жыгімонта – які стварыў ваенны ордэн Цмока дзеля змаганьня з мусульманскімі ваярамі, — Вугоршчына і сам Канстанцінопаль чакалі апошняга ўдару. Але, амаль як падчас летняй навальніцы, войскі Баязэта былі сьцертыя з мапы мангольскімі войскамі начале з Тамэрланам. Атаманскі султан скончыў сваё жыцьцё ў маленькай клетцы, у якой манголы паказвалі ўсім захоплены трафэй.

У 1453 г. Турэцкая імпэрыя ўрэшце ўзяла Канстанцінопаль і прасунула свае межы далей на Балканы. Аднак, падчас валадараньня султана Сулеймана “Цудоўнага” хрысьціянская Эўропа сапраўды атрамала перадышку. Пасьля ўзыходжаньня на трон Сулейман паслаў амбасадара на вугорскі двор з патрабаваньнем даніны ў абмен на спыненьне варожых дзеяньняў. Кароль Вугоршчыны адказаў на прапанову, адрэзаўшы пасланцу нос і вушы. Атаманскім адказам на зьнявагу быў напад на Белград, атака на Родас, які абараняў ваенны ордэн Рыцараў Сьв. Яна (якія пасьля свайго перамяшчэньня на Мальту атрымалі імя Рыцараў Мальтыйскага Ордэну), і зрабіў разгромны ход у Вугоршчыне ў бітве пры Мохачы, дзе страціў жыцьцё малады кароль Лаёш ІІ, жанаты на сястры Карласа І Іспанскага.

Мохач, вялікая нацыянальная трагедыя

Параза 1526 г. пры Мохачы, дасягнутая пры падтрымцы хаўрусьніцы туркаў Францыі, прывяла да зьнікненьня вугорскага каралеўства да 19-га стагоддзя. Яна была канчатковым ударам па адзінай дзяржаве, якая з пэўным посьпехам супраціўлялася турэцкаму наступу. 50 тысячаў вугорскіх ваяроў былі забіты. Туркі зрабілі палісад, на якім у якасьці папярэджаньня выставілі галовы 2000 палонных, сярод іх сямі біскупаў. Пісьменьнік 16-га стагоддзя Кемаль Паша Задх драматычна і вобразна апісаў сьмерць маладога Лаёша ІІ: “Гнаны жалезам ганьбы, ён кінуўся ў дасьпехах і на кані ў раку, дзе ўсё віравала ад тых, што павінны былі загінуць ў вадзе і агні”.

Трон Лаёша Карлас І Іспанскі запатрабаваў для свайго брата Фэрнанда, любімага ўнука Фэрнанда “Каталіцкага”, а туркі і французы падтрымалі кандыдатуру Хуана Запольле, ваяводы Трансільваніі, новага Сувэрэна Вугоршчыны. Як зазвычай, турэцкая прапанова суправаджалася новым ваенным наступам, гэтым разам яны аблажылі Вену, якая выстаяла. Але гэта дало магчымасьць туркам захаваць каля сябе Запольле як караля Вугоршчыны, падпарадкаванай мусульманам. Поўнае вызваленьне краіны – дасягнутае ў шэрагу крывавых грамадзянскіх войнаў – адбылося толькі ў 17-м стагоддзі. Хаця працяглы крывавы аўстрыйскі рэжым не даў Вугоршчыне незалежнага існаваньня яшчэ на стагоддзі.

Сэзар Сэрвэра

Пераклаў з іспанскай В. Буйвал. Крыніца: іспанская газэта “АВС”, 26.09.2015 http://www.abc.es/internacional/20150926/abci-hungria-historica-barrera-contra-201509242252.html